“Піва піць дазволілі, уваход зрабілі вольны, а людзі на футбол не ходзяць”. Мечыслаў Гой агучыў вынікі “Нёмана” ў Чэмпіянаце Беларусі

|

Яшчэ перад стартам сезона каманда сутыкнулася з сур’ёзнымі фінансавымі праблемамі. Такія ж былі ў большасці клубаў Вышэйшай Лігі. Таксама змянілася кіраўніцтва “Нёмана”: замест Сяргея Сахарэвiча прыйшоў Іван Варсовiч. “Ён малады, правераны і ўмее працаваць”, – так пра яго казаў старшыня гарадзенскага аблвыканкама.

 

Галоўнымі задачамі на сезон ставіліся: вывад каманды з фінансавага крызісу і вяртанне заўзятараў на трыбуны, а таксама амаладжэнне складу і ўпор на гарадзенскіх футбалістаў.

 

Перад стартам сезона над футбольным клубам з’явіўся дадатковы пільны кантроль, які ажыццяўляў назіральны савет на чале з Мечыславам Гоем. Старшыня гарвыканкама расказаў пра высновы, якія зрабіў савет.


– У прынцыпе, я задаволены вынікамі каманды. Калі казаць пра недахопы, то лёгка маглі б зарабіць яшчэ 9 ачкоў, а гэта прыкладна 5-6 месца. Вынікі – у першую чаргу віна трэнера, бо ён не наладзіў належным чынам каманду. Але трэба ўлічваць і тую сітуацыю, якая ў нас склалася яшчэ ў лютым, калі мы ўзяліся за гарадзенскі футбол. Я вельмі хваравіта стаўлюся, калі пішуць няпраўду пра гарадзенскі “Нёман”. Насамрэч з 16 мільярдаў рублёў даўгоў у клуба засталося 8. Клуб цэлы год гуляў, меў выдаткі і пры гэтым яшчэ пагасіў запазычанасць.

 

Сітуацыя з заўзятарамі не вырашана. Гэтая праблема ёсць ва ўсёй краіне, нават у чэмпіёна – барысаўскага БАТЭ.


– Мы гэта выдатна разумеем, і бачым, што спад пайшоў не толькі ў нас. Жанчынам і дзецям уваход зрабілі свабодны, піва піць дазволілі, а людзі не ходзяць. На наступны год гатовыя разгледзець усе магчымыя варыянты прыцягнення заўзятара на трыбуны.

 

Таксама старшыня распавёў пра бліжэйшыя планы каманды.


– У будучыні будзе і продаж, і купля. Але ўсё ж ўпор будзем рабіць на свае сілы, а гэта прадстаўнікі Гродна, Ліды, Слоніма, Смаргоні і г.д. На наступны сезон, разабраўшыся з фінансавым становішчам, мы ўжо напэўна зможам ставіць нейкія задачы. Футбол я люблю, паважаю і буду ўсяляк падтрымліваць, таму што ў Гродне гэты від спорту патрэбен адназначна. Калі параўноўваць з іншымі абласнымі гарадамі, акрамя Мінску, дык усе каманды на дадзены момант ніжэй нас і гэта пры такім фінансавым становішчы.

 

Выніковая табліца па завяршэнні чэмпіянату выглядае наступным чынам:

 

Калі параўноўваць з папярэднім сезонам, “Нёман” выступіў практычна таксама. Як і ў мінулым годзе, жоўта-зялёныя за кошт удалай канцоўкі захавалі прапіску ў Вышэйшай Лізе, а таксама падняліся да сярэдзіны турнірнай табліцы.

 

Чэмпіянат для “Нёмана” скончыўся, але футбольны сезон яшчэ працягваецца. У суботу, 21 лістапада, жоўта-зялёныя ў 1/8 фіналу Кубка Беларусі будуць гуляць на выездзе са сталічным “Дынама”.

 

Фота fcneman.by