Вучні атрымаюць свой Кодэкс
Пра гэта паведаміў старшыня парламенцкай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы, навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч. Паводле яго слоў, адлічэнне са школ будзе магчымым толькі на старэйшай ступені — у 10—11-х класах. «Думаю, апасенні маладога чалавека, што пры дрэннай вучобе ён будзе адлічаны, дадуць яму стымул для добрай вучобы. Прычым дрэнна вучыцца — гэта не здача прадметаў на двойку. Гаворка ідзе пра непаспяховасць па трох і больш прадметах», — сказаў Здановіч.
Дэпутат выступае праціўнікам увядзення аплаты за паўторную здачу экзаменаў, бо «аплата нараджае няроўнасць: у адных грошы ёсць, у другіх — няма».
Здановіч таксама паведаміў, што кодэкс уводзіць паняцце «дысцыплінарны ўчынак», за які можна атрымаць заўвагу, вымову і адлічэнне. Пакараць за дысцыплінарны ўчынак проста па жаданні выкладчыка будзе нельга.
Паводле слоў дэпутата, пералік дысцыплінарных учынкаў «даволі доўгі», ён уключае «непаважлівае стаўленне да педагогаў, да ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, псаванне маёмасці і гэтак далей». Напрыклад, дысцыплінарнае спагнанне можа быць накладзена за пропуск заняткаў без уважлівых прычын на працягу 10 дзён. Калі ж вучань без уважлівай прычыны прапусціў заняткі на працягу 30 дзён, то будзе мець месца адлічэнне.
Паводле БелаПАН
Фота http://academgorodok.ru