Гарадзенскі “Тайфун”, які “накрыў” усю Беларусь. Рэпартаж з фабрыкі будаўнічых сумясей

|

Год таму 60 найменняў, зараз – больш за 120

 

Большая частка вытворчых магутнасцяў “Тайфуна” была пабудавана, калі прадпрыемства ўвайшло у склад групы Аtlas, і пачала дзейнічаць у 2011 годзе. Камерцыйны дырэктар Анджэй Дабравольскі расказвае, што на той час устаноўленае ў Гродне абсталяванне было адным з самых магутных і лепшых у Еўропе і да гэтай пары больш ніводная фірма не мае такіх тэхнічных магчымасцяў.

 

Прыгатаванне будаўнічых сумесяў на прадпрыемстве “Тайфун” даверана робатам.

 

Гэта дазволіла адразу павысіць колькасць прадукцыі, аднак, як зазначае Анджэй, адзін, нават самы лепшы тавар, не змог бы забяспечыць прадпрыемству лідарскія пазіцыі на рынку. Сёння доля продажу “Тайфуна” складае каля паловы ад усіх матэр’ялаў для будаўнічай аддзелкі ў Беларусі яшчэ і таму, што прадпрыемства ўвесь час пашырае асартымент прапановаў. “Год таму мы выпускалі каля 60 найменняў тавару, зараз іх больш за 120, і гэта далёка не мяжа магчымасцяў развіцця”, – кажа Анджэй.

 

Сярод добра вядомых сумесяў, што стала карыстаюцца попытам, спецыялісты “Тайфуна” узгадваюць “народную класіку” – сумесі “Lux”. Як зазначае намеснік дырэктара па капітальнаму будаўніцтву Глеб Ягораў, гэтыя прадукты ведае любы навасёл ці дбайны гаспадар, што збіраецца сваімі сіламі адрамантаваць жытло. Яго меркаваннем, топ-тройку самых папулярных тавараў “Lux” складаюць клей для керамічнай пліткі, гіпсавыя штукатуркі і шпатлёвачныя сумесі. Што тычыцца тавараў для прафесійных будаўнікоў, ён раіць калегам звярнуць увагу на сумесі “Тайфун-мастер”. Для працы з імі патрабуюцца веды тэхналогіі і большы практычны досвед, але выкарыстанне такіх матэр’ялаў дазваляе паскорыць аддзелку і атрымаць разнастайныя дэкаратыўныя эфекты.

 

Сярод больш чым сотні прадуктаў, што выпускае “Тайфун”, кожны будаўнік, прафесіянал ці аматар, знойдзе адпаведны свайму запатрабаванню матэрыял

 

Каб тавар прадаваўся, яго трэба зрабіць унікальным 

 

Ідэі для стварэння новых матэр’ялаў часцей за ўсё прыходзяць у выніку зваротнай сувязі са спажыўцамі. Пра адзін з такіх “чыста гарадзенскіх” новых тавараў, што стаў адказам на запыт рынка, распавёў начальнік аддзела маркетынга Уладзімір Савоська. У той час, калі шырока распаўсюдзіліся каміны і печы ў прыватных дамах, высветлілася, што ў продажы няма адпаведных тэрмаўстойлівых клеявых сумесяў. “Дылеры пачалі даваць інфармацыю, што ёсць зацікаўленасць у такім матэрыяле, казалі, што майстры кладуць каміны на звычайную гліну, бо лепшага нічога не могуць знайсці”. Тады ў лабараторыю прадпрыемства пайшла замова на стварэнне патрэбнай клеявой сумесі. За тры месяцы прадукт быў створаны, прашоў усе выпрабаванні і ўзгадненні і паступіў у продаж.

 

Аднак Уладзімір адзначае, што часцей новыя тавары ствараюцца планава, у выніку аналізу перспектыўнага попыту, тэндэнцый развіцця будаўнічай галіны ў цэлым свеце: “Вось напрыклад – клеявыя сумесі. Іх усе нашы канкурэнты выпускаюць. Каб такія тавары прадаваліся, іх трэба рабіць унікальнымі, неабходнымі менавіта тут і зараз”. У якасці прыклада мыслення на апераджэнне, што дазваляе прагназаваць попыт, Уладзімір амаль “рассякрэціў” адзін з новых тавараў, што пакуль яшчэ чакае свайго часу на вытворчасць.

 

Зараз у краінах Заходняй Еўропы з’явілася  новая тэндэнцыя ў аддзелцы – выкарыстанне керамічных плітак вялікіх памераў – метр на метр. У Беларусі такія пліткі таксама ўжо пачалі з’яўляцца, некаторыя вязуць іх з-за мяжы для прыватнай будоўлі. Папулярнасць гэтага матэр’ялу лёгка патлумачыць з пункту гледжання паскарэння аддзелкі і добрага дэкаратыўнага эфекту, аднак спецыялістам зразумела, што для іх замацавання патрэбны адмысловы клей, бо звычайны не здолее ўтрымаць вялікую плошчу плітак. Таму лабараторыя прадпрыемства ўжо стварыла клеявы склад з неябходнымі характарыстыкамі – “Тайфун” гатовы пачаць выпуск адпаведнага клею як толькі вялікія плыткі з’явяцца на беларускім рынку.

 

У лабараторыі прадпрыемства не толькі ствараюць новыя сумесі. Матэрыял з кожнай партыі прадукцыі, што накіроўваецца ў гандлёвыя сеткі, праходзіць тут выпрабаванні.

 

Амаль усё прадаецца ў Беларусі

 

Спецыялісты тлумачаць, што структура вытворчасці на “Тайфуне” вельмі дынамічная – перайсці з выпуска адной прадукцыі да другой можна цягам 2-4 гадзін.

 

Склад у прадпрыемства зусім невялікі ў параўнанні з маштабамі вытворчасці. Намеснік дырэктара па капітальным будаўніцтве Глеб Ягораў кажа, што ў памяшканні знаходзіцца толькі тая сыравіна, што патрабуе адпаведнай тэмпературы пры захоўванні. Гатовая прадукцыя складуецца проста звонку. Па-першае, таму што не баіцца ўздзеяння знешніх фактараў, па-другое, таму што доўга не залежваецца. “Працуем з колаў на колы”, – кажа ён і дадае, што буйным спажыўцам і дылерам прадпрыемства развозіць прадукцыю ўласнымі аўтамабілямі, якіх зараз больш за 15.

 

Адразу са спецыялізаваных машын у больш чым 10-мятровыя вежы-ёмкасці для прыгатавання сумесяў падаюцца неабходныя кампаненты.


Гатовы запакаваны тавар адразу грузіцца на аўтамабілі, што развозяць яго замоўцам – на гандлёвыя кропкі ці да спажыўцоў

 

Амаль уся прадукцыя прадпрыемства “Тайфун” рэалізуецца ў Беларусі. “Ні эканамічна ні лагістычна далёкія перавозкі не апраўдаюць сябе, – распавядае Анджэй Дабравольскі. – Таму мы ствараем прадукты, што змогуць устойліва трываць кліматычныя ўмовы нашай краіны, і шукаем рашэнні задач, што ставяцца нашымі будаўнікамі”.

 

Пра тое, што тут працуюць “для сваіх” і цэняць мясцовых, сведчыць факт, што “зорка” на рэкламных плакатах прадпрыемства таксама свая – спартсмен Іван Ціхан.

 

 

“Тайфун” – сацыяльна адказны

 

Уладзімір Савоська расказвае, што менавіта мясцовыя будаўнікі, што непасрэдна працуюць на аб’ектах, з’яўляюцца галоўнымі “даследчыкамі і дарадцамі” для прадпрыемства. З улікам зваротнай сувязі з будоўлі, куды пастаянна выязджаюць прадстаўнікі “Тайфуна”, зараз створаны марозаўстойлівыя сумесі, якія могуць трываць перапад тэмпературы да мінус 70°C, і дазваляюць весці будаўнічыя работы нават пры маразах да мінус 5°C без страты якасці. “Гэта дазваляе не толькі павялічыць даўгавечнасць будаўнічай канструкцыі, але і падоўжыць тэрмін будаўнічага сезону, а значыць – дае магчымасць хутчэй збудаваць аб’ект”, – сцвярджае Уладзімір.

 

Важнасць сувязі са спажыўцамі адзначае і Аляксандра Бедзь, галоўны маркетолаг прадпрыемства. Яна расказвае пра адукацыйны складнік поспеху “Тайфуна”: “Толькі ад пачатку бягучага года мы правялі больш за 150 семінараў для прадаўцоў і кліентаў. У вялікіх супермаркетах штотыдзень нашы будаўнікі даюць майстар-класы – кожны ахвотны можа  асабіста паспрабаваць нашы матэр’ялы на справе”. Але ці не найважнейшаым складнікам, што спрыяе поспеху ў доўгатэрміновай перспектыве, яна назвала працу па прафесійнай адукацыі маладога пакалення будаўнікоў-прафесіяналаў. Прадпрыемства абсталявала клас і навучальную майстэрню ў гарадзенскім будаўнічым ліцэі, прадастаўляе матэр’ялы для практычных заняткаў, якія праводзяць дасведчаныя спецыялісты – будаўнікі з  “Тайфуна”.

 

Вучыць будучых будаўнікоў прафесіі трэба на якасных матэр’ялах і ў добрых умовах – лічаць на прадпрыемстве. За ўласныя сродкі прадпрыемства абсталявала клас і майстэрню ў будаўнічым ліцэі, а таксама прадастаўляе матэрыялы для практычных заняткаў па аддзелцы. Фота з архіва прадпрыемства “Тайфун”.

 

“Укладанне сродкаў не толькі ў вытворчасць, але таксама ў адукацыю – гэта частка сацыяльна адказнай палітыкі прадпрыемства”, – кажа Уладзімір Савоська. Анджэй Дабравольскі дадае, што сацыяльна адказнай з’яўляецца палітыка прадпрыемства таксама ў галіне экалогіі і бяспекі працы. Ён расказаў, што ў сістэмах ачысткі выкідаў усталявана сучаснае нямецкае абсталяванне, і санстанцыя ці ахова прыроды, якія штомесяц кантралююць прадпрыемства, не маюць да яе эфектыўнасці прэтэнзій.

 

Таксама Анджэй паведаміў, што высокі ўзровень якасці вытворчасці “Тайфуна” адзначаны на сусветным узроўні: сёлета прадпрыемста атрымала ўзнагароду Quality International, і стала першым ў Беларусі яе ўладальнікам, раней атрымала адзнаку міжнароднага конкурса Master-Builder, як лепшае прадпрыемства ў галіне будоўлі.

 

Змагацца за ўзнагароды міжнароднага ўзроўню давялося з калегамі з Расіі, Казахстана, Польшчы, Фінляндыі і іншых краін.


Здымкі аўтаркі


Чытай больш:


Брэнды Гарадзеншчыны ў беларускім ТОП-100: Conte і “Молочный мир” здаюць пазіцыі, ABC ідзе ўгару