Што размясціць у былой Медыцынскай акадэміі Жылібера? Краязнаўца прапануе аранжарэю і музей горада
Свае напрацоўкі Наталля падала ў Гродназелянбуд, адтуль іх перадалі ў Гроднаграмадзянпраект. Адказу пакуль што няма. Праект уключае сем пунктаў, з іх галоўныя: пракласці сцяжынку да акадэміі, размясціць там музей горада, аранжарэю і музей Жыбілера. А таксама – паставіць помнік Жыліберу.
Аранжарэя на 500 раслін
– У ёй павінен быць шкляны дах для доступу святла. У ёй будзе асноўная зала і невялікае памяшканне для санітарнага кантролю, каб хворыя расліны не заразілі іншыя, – плануе Наталля Канюк.
Аранжарэю яна хоча размясціць у левым флігелі. У асноўнай зале будзе калекцыя цеплалюбівых раслін, якія зараз знаходзяцца ў Наталлі дома, і якія могуць падараваць калекцыянеры. Сярод іх хурма, айва, анона чэрымоя, маракуя, арэх пекан, авакада, мушмула, манга, а яшчэ арэх макадамія – самы дарагі ў свеце арэх пасля арэха сейшэльскай пальмы. Памяшканне здольна будзе змясціць каля 500 экзатычных раслін. Наталля кажа, што ў такіх умовах плады на раслінах наўрад ці з’явяцца, а вось кветкі будуць дакладна.
У новых музеях будуць экспанаты з запаснікаў замкаў
Музей горада Наталля хоча размясціць на другім і трэцім паверхах. У Старым і Новым замку ёсць шмат каштоўных экспанатаў, якія знаходзяцца ў запасніках і якія ніхто не бачыць. Пакуль невядома, ці захочуць замкі дзяліцца імі. Сярод магчымых экспанатаў – збор тамоў з бібліятэкі Пуслоўскіх, зборы манет, карцін, прадметаў побыту XVIII-XIX стст.
У правым флігелі будзе музей Жылібера, Мюнца і дэ Вірыона – ўрачоў, што жылі ў Гродна ў той час. У музеі гарадзенцы ўбачаць аптэчныя інструменты, посуд, колбы, выцяжкі і травы.
На першым паверсе будзе гамеапатычная аптэка, то бок аптэка з травамі, і “зялярня” – кавярня, дзе можна купіць травы і выпіць адмысловых травяных настоеў.
– У час Жылібера лячылі зёлкамі, а не хіміяй, – тлумачыць Наталля.
Наталля хацела б знесці плот вакол акадэміі і паставіць помнік Жыліберу, бо скульптура ля прыпынку “Тэатр лялек” – толькі зборны вобраз жыхара Гродна XVIII ст. Скульптар Уладзімір Панцелееў згодны прыступіць да працы, як толькі такі помнік замовяць.
Тэст “Твайго стылю”: ці ведаеце вы гарадскія скульптуры Гродна?
Наталля кажа, што для рэалізацыі яе праекта не патрабуюцца вялікія сродкі, бо ўсе экспанаты ёсць. Праўда, будынак трэба грунтоўна адрамантаваць, гэта бачна нават няўзброеным вокам. У падвале смецця ледзь не па калена, на гарышчы – тоўсты слой памёту, бо будынак аблюбавалі галубы. Птушкі залятаюць усярэдзіну праз адчыненыя вокны, часта не могуць вылецець назад і паміраюць. Адрэзаны ўсе камунікацыі – трубы, батарэі, электрычнасць. У некаторых месцах працякае столь. Кладашукальнікі разбурылі печкі, а іх змесціва пакінулі на месцы.
Наталля кажа, што рамонт павінен выконвацца пад наглядам спецыяліста і па тэхналогіях часоў пабудовы палаца. З будаўнічых матэрыялаў можна выкарыстоўваць пясок, гліну і дрэва. Дрэва апрацоўваць натуральнымі фарбавальнікамі, алівай і маслянымі фарбамі.
Над будынкам раней папрацавалі архітэктары – у вялізных вежах з’явіліся перагародкі. Па меркаванню Наталлі, іх трэба ліквідаваць і вярнуць акадэміі першапачатковы выгляд.
А што вы думаеце пра прапанову Наталлі Канюк? Гэта добры варыянт? Выказвайцеся ў каментарыях!
Составьте собственный опрос для сбора отзывов пользователей