Малы памежны рух: як працуе, чаму беларускія ўлады супраць і калі ён з’явіцца на Гарадзеншчыне
Што такое малы памежны рух?
Пасля пашырэння Еўрасаюза ў 2004 годзе і далучэння новых краін да Шэнгену ў 2007, паездкі беларусаў на Захад ускладніліся. В 2006 годзе у ЕС прынялі Рэгламент пра Малы памежны рух. Ён дазваляе “трымаць межы прыадчыненымі” для суседзей для абгрунтаваных паездак у сямейных, культурных, сацыяльных і эканамічных метах. Для гэтага падпісваюцца дамовы з краінамі-суседзямі ЕС пра бязвізавы рух у межах 30-50 кіламетраў ад мяжы.
Больш за ўсё на сустрэчы аналітыкі казалі не пра польскі і літоўскі накірунак, дзе спрашчэння візавага рэжыму чакаюць гарадзенцы, а пра тыя месцы, дзе малы памежны рух ужо функцыянуе. Чаму? Справа ў тым, што ўсе фармальнасці ў польска-беларускай дамове даўно ўжо пройдзеныя, дамова падпісаная і ратыфікаваная. Застаецца толькі фармальнасць – абмен дыпламатычнымі паведамленнямі. З гэтым беларускі бок цягне ўжо пяць год.
Круглы стол у Гродне. На фота Угіс Скуя, консул Латвіі ў Віцебску, Іна Грышук, намесніца галоўнага рэдактара газеты “Вячэрні Гродна” і Андрэй Елісееў, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў
Чаму беларускія ўлады зацягваюць запуск малога памежнага руху?
У палітычнай сферы Польшча здаўна выступае з крытыкай беларускай палітычнай сістэмы. Адпаведна, беларускія ўлады лічаць, што Польшча ставіцца да нашай краіны варожа. Гэта моцны аргумент, але зараз ЕС прыпыніла дзейнасць санкцый адносна Беларусі, ідзе чарговае пацяпленне адносін. Магчыма, гэта паўплывае на лёс малога памежнага руху.
Іншы аргумент – малая прапускная здольнасць памежных пераходаў. Інакш кажучы, беларускі бок баіцца гіганцкіх затораў і чакае, пакуль усе пункты пропуску на заходніх межах пройдуць мадэрнізацыю. З беларускага боку ў зону 50 км патрапляе 920 тыс. чалавек, што жывуць побач з польскай мяжой і 700 тыс., якія жывуць побач з літоўскай. Часткова гэтыя лічбы перасякаюцца, але ў любым выпадку больш за мільён чалавек, тэарэтычна, змаглі б без віз ездзіць у ЕС.
Яшчэ адна прычына быць супраць – страх перад тым, што беларусы павывозяць з краіны ўсю валюту. Паводле папярэдніх падлікаў, увоз валюты палякі і літоўцамі не перакрые вываз яе беларусамі. Дарэчы, 80% выдаткаў палякаў у Беларусі гэта пакупкі паліва, алкаголю і цыгарэт.
Чаму апасенні беларускіх чыноўнікаў насамрэч не такія страшныя?
Прапускная здольнасць пунктаў пропуска – важны аспект. Большасць экспертаў з розных краін, дзе ўжо дзейнічае МПР, ацэньвае інфраструктуру пунктаў пропуска як “здавальняючую” і недастаткова добрую. Гэта нідзе не перашкодзіла запусціць МПР. Заканадаўства прадугледжвае стварэнне асобных пунктаў пропуска для МПР або асобных калідораў для тых, хто мае такія дазволы.
Безумоўна, трэба будзе ўкласці дадатковыя грошы ў інфраструктуру, але гэта не сур’ёзны аргумент супраць МПР. Такі спрошчаны рэжым дзейнічае і на дастаткова складаных участках мяжы, напрыклад, нарвежска-расійскай. І працуе там нармальна.
У масавых закупках у Польшчы ці Літве ёсць у станоўны бок. Хатнія гаспадарствы будуць эканоміць на танных пакупках у суседзей, такім чынам у іх застанецца больш грошай, каб патраціць іх у Беларусі. Акрамя таго, людзі проста будуць больш задаволеныя з жыцця, бо будуць мець магчымасць эфектыўней расходаваць свае заробкі.
Чаму беларускія ўлады зацягваюць запуск малога памежнага руху, хаця яго вельмі чакаюць многія грамадзяне?
Па меркаванню эксперта Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Андрэя Елісеева, за апошнія гады не было ніводнай вялікай і заўважнай кампаніі, якая б паказала, што людзі сапраўды патрабуюць ад уладаў паскарэння ў гэтым пытанні. Былі толькі інтэрнэт-кампаніі і зборы подпісаў у інтэрнеце, якія паказалі сваю неэфектыўнасць. Рэальныя подпісы дасылалі беларускім уладам толькі… палякі.
“Грамадскія арганізацыі не могуць пакуль што артыкуляваць інтарэсы насельніцтва, таму і ўлады не знаходзяцца пад прэсінгам”, – рэзюмаваў Андрэй Елісееў (на фота).
Як працуе малы памежны рух на беларуска-латвійскай мяжы?
Сістэма ў гэтым рэгіёне (Верхнядзвінск, Міёры, Браслаў) добра адладжана і працуе, лічыць кіраўнік консульства Латвіі ў Віцебску Угіс Скуя.
Спісы прэтэндэнтаў на атрыманне дазволу робяцца цэнтралізавана ў сельсаветах, адтуль накіроўваюцца ў райцэнтры, адтуль да абласнога кіраўніцтва, якое перадае консульству, а консульства дасылае паперы ў Рыгу.
Консульства не прымае рашэнне, выдаваць дазвол на спрошчанае перасячэнне мяжы ці не, а робіць толькі тэхнічную працу. Калі чалавек падыходзіць па вызначаных параметрах, яму даюць дазвол.
Дазвол выдаецца на год, каштуе 20 еўра, уклейваецца ў пашпарт як віза.
Ці тое самае будзе ў выпадку польска-беларускага памежжа?
Не. У выпадку з Польшай прадугледжваецца іншая працэдура, там заяўнік сам будзе ісці ў консульства, каб атрымаць дазвол. Таксама Польшча будзе выдаваць дазволы на два гады (першы) і на пяць гадоў (усе наступныя).
Які праблемы могуць быць ад МПР у еўрапейцаў?
Першы і асноўны – выкарыстанне дазволаў для правозу кантрабанды. Другі – парушэнне правіл, выхад з зоны 50 км. Гэтак, быў выпадак, калі чалавека з Віцебскай вобласці затрымалі без візы ажно ў Празе. Звычайна з некалькі сотняў атрымальнікаў дазволаў парушаюць правілы не больш за дзясятак чалавек.
Круглы стол “Малы прыгранічны рух на ўсходніх межах Еўрапейскага Саюза: кейс Беларусі” прайшоў 20 лістапада ў СЭЗ “Гроднаінвест”. Сустрэчу арганізавала газета “Вячэрні Гродна” і Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS). У якасці экспертаў выступілі аналітык BISS Андрэй Елісееў і консул Латвіі ў Віцебску Угіс Скуя.
Фота polsha24.com