Кубак Беларусі: “Нёман” здолеў вырваць нічыю ў першым матчы з мінскім “Дынама”

|

У каманд было больш за два тыдні на падрыхтоўку да кубкавай сустрэчы. У чэмпіянаце мінчане чарговы раз сталі срэбнымі прызёрамі, гарадзенцы – размясціліся ў сярэдзіне на 8 месцы.

 

Але кубак ёсць кубак і каманды на гэты розыгрыш настройваюцца зусім па-іншаму. Матч уласна гэта і паказаў. Гарадзенцы ўсе 90 хвілін адсядзелі ў абароне, і на другой дадатковай хвіліне здолелі зраўняць лік. У “Дынама” вызначыўся Бечырай, які рэалізаваў пенальці. У “Нёмана” аўтарам гола стаў Арцём Канцавы. Менавіта ён, пасля падачы Савасцьянава ў штрафную, першым апынуўся на мячы.


“Дынама-Мiнск” 1:1 “Нёман”

Адразу пасля гульні галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў сказаў, што гол на апошніх хвілінах гэта ўзнагароджанне пасля прапушчанага мяча са спрэчнага пенальці.


– Рэальна разумеем сілу суперніка і тое, што ўсё вырашыцца ў другім матчы. Задаволеныя вынікам гэтай выязной гульні. Гэта быў баявы кубкавы матч. Але ўсё вырашыцца ў Гродне. Той матч будзе галоўным. Цяпер трэба менш казаць, а рыхтавацца да другога матчу. Мы планавалі гуляць жорстка і шчыльна. Большасць свісткоў сёння – прэрагатыва суддзі. Увесь сезон гэтую тэму наогул не чапаў. Сёння пенальці выклікаў пытанні. І гэты гол на апошніх хвілінах, мне здаецца, – узнагароджанне пасля прапушчанага гола са спрэчнага пенальці. Мы гулялі жорстка і шчыльна, па-іншаму з “Дынама” нельга. Наўмысна не фолілі. Проста гулялі ў сучасны футбол.

 

У апошнім матчы чэмпіянату, гарадзенскія фанаты папрасілі гульцоў “Нёмана” падарыць ім наступную стадыю кубка. Футбалісты паабяцалі, што зробяць усё магчымае. Матч у Мінску, наблізіў гарадзенскi клуб  да наступнай стадыі. Але ўсё вырашыцца ў панядзелак 30 лістапада, калi гульня будзе праходзiць ў Гродне.

 

Фота dinamo-minsk.by