У Гродне будаўнікі натыкнуліся на старыя падмуркi пры пракладцы трубаправода ля гарвыканкаму
Будаўнічыя працы ля гарвыканкаму пачаліся на мінулым тыдні. Менавіта тады на глыбіні метра з’явіліся першыя цагліны старога падмурка.
Кіроўца экскаватара Алег распавядае, што з такой пабудовай сутыкаецца ўпершыню:
“За ўвесь час працы, а стаж у мяне вялікі, я працаваў з многімі падмуркамі. Але такога моцнага я яшчэ не бачыў. Мне спатрэбілася гадзіна часу, каб прабіць патрэбнае нам месца. Пасля выкананай працы я паглядзеў на цэглу і рошчыну, і з упэўненасцю магу сказаць, што будавалі тады на стагоддзі. Пры цяперашніх тэхналогіях, мы не можам пахваліцца падобным”.
Паводле некаторых крыніц практычна ў тым месцы, дзе зараз вядуцца працы, у канцы XVIII стагоддзя быў закладзены падмурак будынка, які павінен быў стаць копіяй “крывой афіцыны”, што стаіць насупраць. Верагодна, будаўніцтва так і не скончылі з-за недахопу грошай.
У 1912 годзе на тым месцы пабудавалі псіхіятрычную бальніцу (варта адзначыць, што па плане 1866 года тут таксама была пабудова, але што там было нам невядома). У савецкія часы псіхдыспансер пераехаў з плошчы Леніна ў Брыгіцкі манастыр. У вызваленым памяшканні пасяліўся інстытут біяхіміі. Гэты будынак прастаяў да 1976 года. Па ўспамінах відавочцаў, пасля зносу ў падвалах будынка нейкі час яшчэ працаваў буфет, але пасля яго закрылі.
Плошча Тызенгаўза ў 1968 годзе. Будынак насупраць крывой афіцыны не відаць з-за дрэў.
Хутчэй за ўсё, зараз будаўнікі так і не дакапаліся да тых самых падвалаў. Але вялікая верагоднасць таго, што яны выявілі падмурак знесенага будынка і так не пабудаванай крывой афіцыны. Часу на даследаванне, як звычайна, няма. Будаўнічыя працы завершацца ў бліжэйшыя дні.