Змена адрасоў на Фолюшы: таксісты супраць, пажарныя не бачаць праблемы

|

На Фолюшы няма вуліц у традыцыйным разуменні, там няма цотнага і няцотнага бакоў, усе дамы маюць прыстаўку “15” (напрыклад, адрас можа выглядаць так – Фолюш, 15/212). Плануецца прыбраць прыстаўку “15” і замяніць адну агульную назву раёна некалькімі вуліцамі: 1-ы завулак Фолюш, 2-i завулак Фолюш, частку забудовы далучыць да вуліц Хвойнай і Соламавай. Перанумарацыя і перайменаванне па ідэі гарадскіх уладаў павінна палепшыць арыентаванне на мясцовасці розных службаў.

 

Некалькі кіроўцаў з розных служб таксі расказалі, што не бачаць сэнсу ў перайменаванні, калі ці не ў кожнага ёсць навігатар. Новыя вуліцы і нумарацыю яшчэ доўга будуць наносіць на мапы, а гэта створыць чарговую блытаніну.


“Першапачаткова павінны былі рабіць правільную нумарацыю, але зрабілі як ёсць, што блытае многіх. Зараз дамы пранумараваны ў шахматным парадку, мы гэта вывучылі і без праблем прыязджаем на выклікі, – расказалі кiроўцы Яўген і Андрэй. – Нумары можна пакінуць, прыбраўшы толькі “”15, будзе тады выдатна. А вось калі зробяць новыя вуліцы, то пачнецца сур’ёзная блытаніна. Па іх словах, мапы ў навігатарах абнаўляюцца не вельмі аператыўна, праз некалькі месяцаў – гэта ўжо добры варыянт. Напрыклад, усё яшчэ не з’явіўся новы дом на Дзяржынскага 133а.

 

Вось такія каментары сталі з’яўляцца на сайце s13.ru пасля матэрыялу пра змены на Фолюшы.

 

Меркаванні апытаных супрацоўнікаў МНС падзяліліся. Адны лічаць, што змены дапамогуць хутчэй дабрацца на выклік, іншыя ж адказваюць, што гэта толькі ўскладніць працэс пошуку патрэбнага дома.


“Мы яшчэ карыстаемся картаграмамi, навігатараў у нас няма. Зрабіць нармальную нумарацыю на Фолюшы – справа добрая, але такім структурам як хуткая і МНС будзе ў першы час вельмі цяжка”, – кажа выратавальнік Сяргей.

 

Яго калега Міхаіл прыводзіць у прыклад некалькі новых раёнаў і кажа, што складанасці не будзе:


“Такая сітуацыя не ўпершыню. Мянялі ж вуліцы ў Фабрычным пасёлку, Зарыцы і ў Баранавічах, пабудавалі новы раён Альшанка. На маёй памяці не было такога, каб машына не прыехала па адрасе. У такім выпадку ў жыхароў Фолюша будуць пытацца два адрасы: стары і новы. Карты са старой нумарацыяй у нас заўсёды пад рукамі”.

 

Супрацоўнікі хуткай медыцынскай службы таксама падзяліліся. Хтосьці кажа, што перайменаванне і правільная нумарацыя ў будучыні палепшыць арыентаванне, а хтосьці лічыць, што новы адрас зможа згуляць у будучыні злы жарт. Але, як і выратавальнікі, медыкі пры патрэбе будуць пытацца стары і новы адрас.