Асвоіць праграмаванне за месяц. У Гродне з’явілася школа для маленькіх праграмістаў

У гарадзенскай школе IT Generation ёсць два напрамкі – праграмаванне і робататэхніка.

 

–  У нашай школе дзеці вывучаць прыёмы праграмавання і атрымаюць базавыя веды. Таму ў будучыні яны змогуць вывучаць “дарослыя” мовы праграмавання, – кажа Дзяніс Сінкевіч, стваральнік школы. – У робататэхніцы навучэнцы атрымаюць веды пра электронныя кампаненты і навучацца праектаваць і канструяваць робатаў і іншыя электронныя канструкцыі.

Ужо на першым занятку навучэнцы праграмавалі простую гульню “Лабірынт” у адмысловай праграме для дзяцей – Scratch. Каманды ў ёй ўводзяцца не ўручную, а з дапамогай перасоўвання каляровых блокаў. Абсталявання камп’ютарнага класа фірмы Zmedia, дзе праводзяцца заняткі, цалкам хапае для навучання. А электронныя кампаненты і розныя дэталі для навучання выкладчыкі набываюць за свой кошт.

Па напрамку “Праграмаванне” набралася дзве групы па чатыры чалавекі. Па напрамку “Робататэхніка” – адна група з трох чалавек. Гэта абумоўлена памерамі памяшкання і схільнасцю выкладчыкаў да індывідуальнай працы.

 

На абодва напрамкі запісаліся адны хлопчыкі. “Відаць, дзяўчаты пачынаюць цікавіцца такімі рэчамі пазней, – кажа Дзяніс. – Я працую ў праграмаванні, і ў нашай фірме палова праграмістаў – дзяўчаты”.

Хлопчыкам занятак спадабаўся адназначна. Багдан – самы старшы на напрамку, яму 12 гадоў. Хлопчык вырашыў наведваць таксама і робататэхніку.

 

Кірыл на занятку ўпэўнена гуляе ва ўласную гульню. На пытанне, ці падабаецца яму тут, кажа ўпэўненае “так”. “Мама сказала, калі мне спадабаецца, яшчэ прыйдзем”, – кажа ён. Мама Вольга пацвярджае: “Мы год хадзілі на танцы, але цяпер Кірыл адмовіўся. Можа быць, тут ён знойдзе сябе”.

Калі на праграмаванне прыходзяць “знайсці сябе”, то на робататэхніку – з намерам зрабіць гэта будучай прафесіяй. Дзевяцікласнік Данііл збіраецца паступаць на праграміста і вывучае тэму на ўроках інфарматыкі і факультатывах. Прыйшоў, таму што тут цікавей.

Адзіны крытэр адбору – жаданне навучэнца. На праграмаванне бяруць дзяцей 8-16 гадоў, на робататэхніку – 12-16. “Менавіта ў гэтым узросце ў дзяцей хапае ведаў, каб займацца гэтымі напрамкам. У іх з’яўляецца цяга да стварання, канструявання, рэалізацыі задумак. Мы дапамагаем гэта зрабіць”, – кажа стваральнік школы.

 

Выкладчыкі школы – Дзяніс Сінкевіч і Аляксей Даронін – працуюць у IT-кампаніях. “Мы выбралі менавіта гэтыя напрамкі, таму што самі ў іх разбіраемся. Яшчэ ў школе Аляксей вывучаў праграмаванне, а я збіраў простых робатаў”, – кажа Дзяніс.

 

Што патрэбна, каб стаць праграмістам? Адказвае Дзяніс: “Мае калегі-праграмісты – выпускнікі не толькі IT-спецыяльнасцей. Сярод іх і філолагі, і юрысты, і эканамісты. Для праграмістаў не патрэбны асаблівы тып мыслення. Для іх характэрна лагічнае мысленне і творчая душа”.