Будаўніцтва офіснага будынку не дае заснуць жыхарам вуліц Валковіча і Акадэмічнай
– Учора было проста немажліва заснуць, – кажа спадарыня Элеанора (на фота ніжэй), якая жыве побач на вуліцы Валковіча. – А палове другой ночы я клалася, а там яшчэ шумелі. Калі ў кватэры нельга шумець пасля дзясятай вечара, дык ці можна шумець сярод ночы ў жылым квартале?
align=”” alt=”будаўніцтва будова строительство Гродно 17 верасня” width=”720″ height=”470″ >
Жыхароў іншых дамоў навокал таксама турбуе кругласутачная будоўля. Нехта нават кажа, што час пісаць скаргу: ахвяраваць сваім здароўем ці спакойным сном дзетак мала хто захоча.
– Калі ў іх тэрміны ціснуць па здачы будынка – гэта ж не наша праблема, – кажа мужчына з дома па вуліцы 17 Верасня.
З тэрмінамі здачы ўсё незразумела. Паводле пашпарту аб’екта, пачатак будоўлі – ІІІ квартал 2015 года, канец – таксама ў 2015 годзе, вось толькі квартал не прапісаны – лагічна, што чацвёрты. Мясцовыя лічаць, што будаўнікі працуюць удзень і ўначы менавіта для таго, каб паспець да канца года.
Пры гэтым у дакументах з грамадскага абмеркавання будаўніцтва, якое праходзіла ў жніўні і верасні, напісана, што будоўля мае быць скончана да 2017 года.
***
“Гроднажылбуд” будуе трохпавярховы офісны будынак з мансардай і цокальным паверхам па індывідуальна распрацаваным праекце. Галоўны ўваход будзе размешчаны з боку вуліцы 17 Верасня, пад’езду з таго ж боку, а таксама з вуліцы Акадэмчінай. У будынку будзе ліфт. На паддашшы будзе выдзелена падсобнае памяшканне, якое можна будзе выкарыстоўваць пад майстэрню мастака ці архітэктара. Побач з будынкам будуць чатыры паркоўкі агулам на 30 месцаў.
Паводле Ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе (АЎНА) будынак не будзе выдзяляцца з агульнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі раёна, таму яго будаўніцтва не парушыць гістарычнае аблічча цэнтра горада (будаўніцтва ідзе на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі “Гістарычны цэнтр Гродна”). Іншыя варыянты размяшчэння будынка не разглядаліся, бо забудоўшчык лічыць гэтае месца аптымальным. Будаўніцтва ідзе на месцы знесеных старых будынкаў.
Фота Вольгі Мілавай