Ізраіль стаў бязвізавым. Як і за колькі можна дабрацца да Святой зямлі?

Пры гэтым кожны бок захоўвае за сабой права адмовіць ва ўездзе асобам, якіх ён лічыць непажаданымі, або скараціць тэрмін знаходжання такіх грамадзян на сваёй тэрыторыі.


Што ўбачыць?

 

У Ізраілі, нягледзячы на адносна невялікія памеры краіны, на кожным кроку сустракаюцца цікавыя месцы і гістарычныя славутасці. Тут знаходзяцца святыні юдаізму, хрысціянства і ісламу, унікальныя прыродныя аб’екты, а таксама маса сучасных дасягненняў чалавецтва.

 

Ізраіль амываюць чатыры мора: два вонкавыя – Міжземнае і Чырвонае, і два ўнутраныя – прэснае Галілейскае і суперсалёнае Мёртвае.

 

Асноўныя гарады Ізраіля: Яфа, Тэль-Авіў, Ерусалім, Назарэт, Хайфа і Віфлеем. Усе гарады Ізраіля, незалежна ад іх узросту, маюць свае ўласныя непаўторныя абліччы.


Пералёты і цэны

 

Прамыя рэйсы з Мінска ў Тэль-Авіў ажыццяўляе “Белавія” два разы ў тыдзень (чацвер і нядзеля), цэны за палёт туды і назад стартуюць ад 350 еўра.

 

Можна ляцець з Мінска з перасадкай у Кіеве самалётамі ўкраінскай кампаніі МАУ – палёты штодня, цэны ад 250 еўра.

 

Калі ёсць шэнгенская віза, то можна ляцець з Коўна або Кракава ў Эйлат (аэрапорт Оўда), што на ўзбярэжжы Чырвонага мора. Ryanair лётае з Каўнаса два разы ў тыдзень (чацвер і нядзеля) і два разы з Кракава (аўторак і субота). Паколькі ўрад Ізраіля датуе аэрапорт Оўда і даплачвае авіякампаніі за кожнага прывезенага турыста (аж да 45 еўра за чалавека!), то пералёты выходзяць вельмі таннымі. Можна злятаць за 10-20 еўра туды-назад.

 

Даехаць да Каўнаскага аэрапорта можна на маршрутцы (35 еўра туды і назад), да Кракава праз Варшаву на аўтобусах Мінск-Варшава-Мiнск за 750 тысяч рублёў + Варшава-Кракаў-Варшава за 10-40 злотых (2-10 еўра). Цэны залежаць ад акцый і часу пакупкі білетаў.

 

Таксама з Мінска з перасадкамі па добрых цэнах можна ляцець і шэрагам іншых авіякампаній. Напрыклад Turkish Airlines з перасадкай у Стамбуле. Час перасадкі 6-11 гадзін, так што можна пагуляць па cталiцы Турцыi.

 

Перш чым ехаць у Ізраіль трэба абавязкова знайсці сабе начлег. Кошты на жыллё дарагiя. Танных хостэлаў у краіне няма.

 

Інфармацыю па цэнах прадставіў Аляксандр Лапко з кампаніі openeurop.com.

 

 

 

Зараз у Ізраілі вучыцца сябар “Твайго стылю” Аляксандр. Ён лічыць, што беларусам абавязкова трэба наведаць гэту краіну.


– Ехаць трэба адназначна. Гэта вельмі прыгожая краіна, дзе літаральна зрабілі з пустыні квітнеючы сад. Там ёсць моры, горы, пустыня і іншае. Ізраіль гэта адзін з цэнтраў еўрапейскай цывілізацыі, нароўні з Грэцыяй і старажытным Рымам. Асабліва гэта заўважна ў горадзе трох рэлігій – Ерусаліме.


Як ставяцца ізраільцяне да беларусаў і ці бяспечна ехаць туды, дзе на вуліцах увесь час ваенныя са зброяй?


– Да нас ставяцца вельмі добра. Рускую мову ў вялікіх гарадах і турыстычных цэнтрах разумеюць добра. Ізраільскі ўрад паспяхова дзейнічае ў кірунку прадухілення тэрактаў. Нягледзячы на ​​тое, што іх часта крытыкуюць, гэтыя меры апраўданыя.