Самыя дарагія ўчасткі пад прыватныя дамы прадалі з аўкцыёну ў Пагаранах-Кашэўніках
На продаж было выстаўлена пяць участкаў у мікрараёнах Пагараны-Кашэўнікі, Зарыца-4 і Баранавічы 5-6. На кожны ўчастак пачаткова прэтэндавала па некалькі чалавек, але па ходзе таго, як павышалася цана, многія не толькі спынялі ўдзел у аўкцыёне, але і зусім сыходзілi з залы.
Зямельны ўчастак у Зарыцы плошчай 10,5 сотак каштаваў першапачаткова 98 млн рублёў, сума задатку складала 18 млн. Паколькі жадаючых набыць кавалак зямлі было больш за пяць чалавек, цана імгненна паднялася да 111 млн. Калі стаўкі выраслі да 175 млн, двум удзельнікам прапанавалі выказаць свае сумы. У выніку старгаваліся да 201 млн, участак набыла маладая пара гарадзенцаў.
За ўчастак у 10 сотак у Баранавічах наогул ніхто не спрачаўся, мужчына купіў яго за 128 млн рублёў. А вось на іншы кавалак зямлі ў тым самым раёне плошчай 9,5 сотак цана вырасла з пачатковай 89 да 221 млн рублёў.
Самай дарагой апынулася зямля ў мікрараёне Пагараны-Кашэўнікі. Першы ўчастак 12.3 сотак сышоў з малатка за рэкордную суму дня 366 млн рублёў. А другі такі ж ўчастак у гэтым жа раёне прадалі за 333 млн.
Пагараны-Кашэўнікі застаюцца цягам некалькіх апошніх аўкцыёнаў самым дарагім раёнам прыватнай забудовы. У красавіку цана аднаго з участкаў там дасягнула 463 млн.
Агулам з пачатку году ў Гродне праз аўкцыёны прададзена каля 60 ўчасткаў для прыватнага будаўніцтва. У той самы час у тых, хто не пачаў своечасовае будаўніцтва канфіскавана каля 70 ўчасткаў. Каб набыць участак, трэба падаць заяўку ў Гродзенскі цэнтр нерухомасці і аплаціць унёсак ад 10 да 20% ад пачатковай цаны лоту. У 2016 годзе плануецца, што з аўкцыёну прарадуць некалькі ўчасткаў значна бліжэй цэнтра горада – на вуліцах Рачной, Фестывальнай і Мічурына.
Фота: Леанід Шчаглоў, grodnonews.by