У Гродне адкрылася выстава мастакоў Парыжскай школы з калекцыі “Белгазпрамбанка”

У экспазіцыі пятнаццаць карцін, большасць з якіх унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Абодва аўтары належаць да плеяды талентаў Парыжскай школы – інтэрнацыянальнай творчай супольнасці, якая сфармавалася ў першай палове ХХ стагоддзя, куды ўваходзілі Пабла Пікасо, Амедэа Мадыльяні, Альберта Джакамеці, Леанард Фужыта, выхадцы з Беларусі Марк Шагал, Хаім Суцін, Міхаіл Кікоін, Шрага Царфін.

Старшыня праўлення “Белгазпрамбанку” Віктар Бабарыка

 

Творчасць Любіча і Крэменя дыяметральна супрацьлеглая па сваім тэмпераменце: калі палітра першага гарманічная, пяшчотная і лірычная, то другі аддаваў перавагу напружанай, дынамічнай, экспрэсіўнай манеры.

Пасярэдзіне – Восіп Любіч, Танцоўшчыца з бубнам, каля 1945 г. Злева і справа працы Пінхуса Крэменя – нацюрморт і “Клетка і рыба”, каля 1950 г.

 

Восіп Любіч, Сена ў Парыжы, каля 1925 г.

 

Выстава адбываецца ў межах праекта “Арт-Беларусь”, ініцыяванага “Белгазпрамбанкам”. Яго мэта – вяртанне ў краіну культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца за мяжой. У межах праекта з аўкцыёнаў і ў прыватных калекцыянераў набываліся карціны мастакоў Парыжскай школы, народжаных на тэрыторыі Беларусі. Цяпер карпаратыўная калекцыя банку з’яўляецца найбуйнейшым зборам экспрэсіяністаў Парыжскай школы ва Усходняй Еўропе.

Пасярэдзіне – аўтапартрэт Восіпа Любіча з мадэллю. Злева і справа нацюрморт і пейзаж Пінхуса Крэменя

 

Пінхус Крэмень, Паляўнічы, 1950-60 гг.

 

Аўтапартрэт Пінхуса Крэменя, каля 1950 г.

 

У межах праекта творчасць знакамітых мастакоў не ўпершыню прэзентуюць на іх радзіме. Гэтак, раней карціны Валенція Ваньковіча выстаўляліся ў Мінску, Восіпа Цадкіна – у Віцебску, Дзмітрыя Стэлецкага – у Брэсце.

 

Выстава ў Новым замку будзе працаваць да 20 студзеня 2016 г. уключна з 10.00 да 17.30 штодзённа, акрамя панядзелка.

 

Што такое “Парыжская школа”?

 

Парыжская школа – так умоўна абазначылі крытыкі інтэрнацыянальную мастацкую суполку, якая сфармавалася ў Парыжы ў перыяд з 1900 да 1960-х гадоў. Мастакі з розных краін прыбывалі ў Парыж і сяліліся ў мастацкім інтернаце “Вулей” – гэта быў комплекс будынкаў, якія былі часткай канструкцый да Сусветнай выставы 1900 года.

 

З 1902 году мастакі здымалі тут жыллё, якое адначасова было і майстэрняй. Арэнда была вельмі таннай, бо памяшканні не мелі ніякіх выгод – не было газу, вады і электрычнасці. Але тут панавалі абсалютная свабода і творчасць. Не выпадкова тут з’явіліся мастакі з Усходняй Еўропы, пераважна габрэйскага паходжання, якія шукалі выйсця з закрытага і абмежаванага свету.

 

Пошук сваёй ідэнтычнасці, свабоды творчасці – моцныя рухавікі змен у мастацтве ХХ стагоддзя. Для многіх гэта быў уваход у свет сапраўднага мастацтва, падмуркам якога былі як творчасць Сезана, Ван Гога, Гагена, так і калекцыі сусветнага мастацтва ў Лувры.

 

  

Хто такія Восіп Любіч і Пінхус Крэмень?

  

Восіп Любіч нарадзіўся ў 1896 годзе ў Гродне ў сям’і каваля. Вучыўся ў Адэскай мастацкай вучэльні Таварыства вытанчаных мастацтваў, вывучаў як класічны жывапіс, так і творчасць мастакоў “перасоўнікаў” (передвижников). У 1919 пераехаў у Германію, дзе ствараў дэкарацыі для тэатра і кіно. У 1923 атрымаў замову на афармленне кабарэ на Манпарнасе і пераехаў у Парыж. У 1925 скульптар Бурдэль увёў Любіча ў салоны Цюільры. У 1934 аўтар апублікаваў альбом “Цырк”, які складаецца з 10 афортаў.

 

Падчас Другой сусветнай вайны працягваў працаваць у майстэрні на Манпарнасе. У 1940 не адзначыўся як яўрэй у прэфектуры паліцыі, а ў 1944 быў арыштаваны па даносе і інтэрнаваны ў транзітны лагер Дрансі, адкуль збег пры вызваленні Парыжа. Пасля вайны вярнуўся ў французскую сталіцу, дзе працаваў да сканчэння жыццця. Памёр Любіч у 1990 годзе, пахаваны на могілках Манпарнас.

Восіп Любіч, Краявід з чырвоным дахам

 

Любіч займаўся жывапісам і графікай. Пісаў алеем і гуашшу ў жанрах пейзажа, партрэта, нацюрморта, кампазіцыі (на цыркавыя і тэатральныя сюжэты), займаўся таксама акварэллю і пастэллю. У графіцы аддаваў перавагу афорту. У аснове творчасці Любіча ляжыць накід. Стыль блізкі да постімпрэсіянізму.

Восіп Любіч, Мужчына выгульвае сабаку

 

Палотны Любіча захоўваюцца ў некалькіх музеях Францыі, а таксама ў музеях Вялікабрытаніі (Лондан), Германіі (Цюрых), ЗША (Нью-Ёрк) і Ізраіля (Тэль-Авіў). Гравюры знаходзяцца ў зборы Нацыянальнай бібліятэкі ў Парыжы.

 

Пінхус Крэмень нарадзіўся ў 1890 годзе ў Жалудку пад Шчучынам, у шматдзетнай габрэйскай сям’і. Бацька быў рамеснікам, старэйшыя браты Пінхуса ўдзельнічалі ў  таемнай супрацьімперскай суполцы і пазней эмігравалі ў Злучаныя Штаты. У 19 год Пінхус паступае вучыцца ў школу выяўленчага мастацтва ў Вільні, дзе вывучае скульптуру. Там ён знаёміцца з Хаімам Суціным са Смілавіч і Мішэлем Кікоінам з Гомеля.

 

Размовы пра Парыж і пра нараджэнне новага мастацтва не давалі спакою маладым мастакам. У 1912 годзе Крэмень едзе ў Парыж, і пасяляецца ў “Вулеі”. Так пачынаецца новае мастацкае жыццё Пінхуса. Знаёмства з Шагалам, Леже, Мадзільяні. Пазней Мадзільяні напіша партрэт Крэменя. Сам Пінхус будзе ўдзельнічаць у выставах, працаваць не толькі як скульптар, але і як жывапісец і графік, цалкам раскрываючы свой талент.

Пінхус Крэмень, Жанчына, якая сядзіць, каля 1950 года

 

На радзіму Пінхус ніколі не вяртаўся, абедзве сусветныя вайны пражыў у Францыі, дзе і памёр у 1981 годзе. Пахаваны ў Парыжы на могілках Манпарнас.

 

Колькі каштуюць карціны Крэменя і Любіча?

 

Калекцыянеры цікавіліся працамі Пінхуса Крэменя яшчэ пры яго жыцці. Сёння набыць працу нашага земляка і прадстаўніка “французскай школы” можна на аўкцыёне, напрыклад, за 21 тысячу долараў – столькі каштаваў “Краявід” на аўкцыёне Крысбіс у 2008 годзе.

 

Працы Восіпа Любіча таксама можна набыць на аўкцыёнах, звычайная цана – ад 2 да 10 тыс долараў.