Майстар Сяргей Бiльдзюк прапануе ўсталяваць у скверы ля Савецкай макеты Фары Вітаўта

|

Більдзюк разумее, што макеты ніколі не заменяць сапраўдны храм, але паколькі бліжэйшым часам яго аднаўленне малаверагодна, паменшаныя копіі дапамогуць расказаць гісторыю будынка.

 

Што ты ведаеш пра Фару Вітаўта? Тэст па гісторыі ад “Твайго стылю”

 

Сяргей узгадвае, як у час усталёўвання знака некаторыя праваслаўныя спрабавалі ўчыніць сапраўдны скандал:


– У прынцыпе, пры рэалізацыі майго праекта дзве канфесіі станоўча паставіліся да ідэі і падтрымалі яе. Але вось незразумелая група “фанатыкаў” падняла такі шум, што яны паспелі надакучыць не толькі майстрам, але нават гарадскім уладам. Яны патрабавалі ўсталяваць вялікія крыжы на месцы храма і зрабіць там паклоннае месца. Мала таго, яны пачалі казаць, што там быў першы праваслаўны храм на тэрыторыі Гродна.

 

Нягледзячы на гэта, 7 чэрвеня 2014 года памятны знак усталявалі. У будучыні, пры адраджэнні храма ён павінен апынуцца ўнутры, як знак прымірэння дзвюх рэлігій, лічыць Сяргей.

 

Каб гэтым разам задаволіць абедзве канфесіі, майстар прапануе зрабіць макеты двух храмаў: каталіцкай Фары Вітаўта, якая прастаяла больш за ўсё часу, і Сафійскага сабора, у які быў перабудаваны храм, калі яго аддалі праваслаўнай царкве з пачатку XIX стагоддзя да 1919 года.

Сяргей лічыць, што калі ёсць памятны знак, то, магчыма, дадатковая расшыфроўка ў выглядзе макетаў можа нашкодзіць успрыманню трагедыі. Але таксама можа несці і станоўчы эфект, перадусім адукацыйны, бо пакажа гарадзенцам і гасцям горада, як выглядаў храм у розныя часы.

 

Майстар лічыць, што макеты можна паспець зрабіць яшчэ да фестывалю нацыянальных культур, які пройдзе летам 2016 года.

 

Акрамя памятнага знака на месцы Фары Вітаўта, Сяргей Бiльдзюк з’яўляецца аўтарам многіх памятных дошак у Гродзенскай вобласці, а таксама аўтарам макета замка Вітаўта ў парку Жылібера.

 

Гістарычная даведка

 

Першы каталіцкі касцёл быў пабудаваны ў Гродне па загадзе вялікага князя Вітаўта. Драўляны храм узгадваецца ў 1389 годзе. Важную ролю ў лёсе касцёла сыграў кароль Стэфан Баторый. Па яго распараджэнні майстар Антоній дэ Грота  па праекце архітэктара Санці Гучы пачаў узводзіць мураваны касцёл у рэнесансным стылі.

 

Пасля ўключэння Гродна ў склад Расійскай імперыі, храм быў перадам праваслаўным вернікам. Апошняя праваслаўная літургія ў храме была праведзена ў снежні 1918 года. Неўзабаве пасля гэтага храм быў перададзены католікам. У 1923 годзе была прадпрынятая першая спроба перабудовы храма пад касцёл, а ў 1935 – другая. Абедзве спробы былі прызнаныя няўдалымі – замест рэнесанснага касцёла яму надалі рысы гатычнага храма. У 1920-30 гг храму давялося быць гарнізонным касцёлам.

 

У гады II сусветнай вайны ён не вельмі моцна пацярпеў, часткова абсыпаўся толькі чарапічны дах. Горшыя гады для яго наступілі пасля вайны.

 

У пачатку 60-х гадоў архітэктары прыступілі да распрацоўкі новага генеральнага плана рэканструкцыі і развіцця горада Гродна. Паводле канцэпцый, закладзеных у аснову плана, для касцёла не была месца на карце новага, сацыялістычнага горада. У ноч з 28 па 29 лістапада 1961 года старога храма не стала.