На чарговым IнвестУікэндзе падтрымалі праекты звязаныя з экалогіяй
Пляцоўка для пошуку рэсурсаў і прасоўвання бізнесу прыцягнула многіх студэнтаў. ІнвестУікэнд, як звычайна, праходзіў на факультэце эканомікі і кіравання ГрДУ, магчыма гэта і прыцягнула навучэнцаў. Акрамя іх былі і людзі з дзеючым бізнесам, і нават школьнікі, якія не першы раз (!) удзельнiчалi ў мерапрыемстве.
Усяго было прапанавана больш за 30 ідэй. Але новых і арыгінальных сярод было ўсяго некалькі штук. Гэта экалагічная паркоўка, кавярня на ровары, раздзяленне смецця ў школах, а таксама нешкодная для экалогіі мыйка для машын. Былі і стандартныя ідэі: 3D-прынтары, крамы, кафэшкі і г.д.
Старшыні Гарадзенскай абласной асацыяцыі прадпрымальніцтва Ігару Чарнякову, які быў у журы, больш за ўсё спадабаўся праект школьніка.
– Мне давялося пабываць на ўсіх ІнвестУікэндах, і я з упэўненасцю магу сказаць, што з кожным разам расце ўзровень праектаў. Вялікую ролю ў гэтым маюць і трэнінгі, якiя праводзяць эксперты. Магу ацаніць праект Антона Кiрыльчука, які ўдзельнічаў і ў мінулым годзе. Яго праект актуальны і дазваляе не забруджваць навакольнае асяроддзе. З пункту гледжання бізнесу можна ацаніць праект маладога гарадзенца Дзмітрыя, звязаны з аўтамыйкай, бо ён не патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў.
Дзмітрый прапанаваў адкрыць у Гродне першую мыйку, дзе машыны будуць абслугоўваць воскам, пры гэтым пасля мыцця не будзе заставацца мокрых месцаў. Такія мыйкі папулярныя ў Расіі.
– У параўнанні з папярэднімі гадамі праектаў больш, але, як і ў мінулым годзе, ёсць унікальныя, якія варта развіваць. На гэтым ІнвестУікэндзе нас зацікавіла больш за дзесяць праектаў. Усе астатнiя ў асноўным сацыяльныя, іх можна выканаць пры падтрымцы Еўрасаюза, – сказаў Аляксандр Панамароў, дырэктар Гарадзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў.
Напрыклад, дзяўчаты прапанавалі ровар, які абсталяваны ўсім неабходным для варэння кавы. Перавага такой кавярні – яе мабільнасць і мінімальныя ўкладанні. Для рэалізацыі праекта дзяўчыны прасiлі 6,5 тысяч доллараў. Сярод экспертаў ідэяй практычна ніхто не зацікавіўся, ім прывялі ў прыклад мабільныя аўтамабілі-кавярні, якія ўжо ёсць у Беларусі.
Вучань школы №27 Антон ужо другі раз прымае ўдзел у ІнвестУікэндзе. Калі летась ён не змог далёка прабіцца, то ў гэтым годзе яму ўдалося стаць лепшым.
– Мэта майго праекта – навучыць людзей сартаваць смецце. Праблема ў тым, што сталых людзей цяжка перавучыць, яны выкідаюць усё ў адзін кантэйнер, хоць на вуліцы і стаяць бакі для збору рознага смецця. Трэба, каб у школах праводзілі больш урокаў па тэме экалогіі, а таксама ставілі спецыяльныя кантэйнеры для паасобнага збору смецця. Такiм чынам мы навучым дзяцей з самага ранняга ўзросту клапаціцца пра прыроду і думаць пра перапрацоўку другаснай сыравіны.
Міхаіл падняў праблемную для Гродна тэму парковак.
– Зараз паркоўкі дарагія і не экалагічныя. У мяне ёсць рашэнне – газонныя краты. Яны эфэктыўныя тым, што каштуюць мала, іх проста ўсталяваць, яны экалагічныя і эстэтычныя, іх можна зрабіць сваімі рукамі, – кажа Міхаіл. Іншая мэта праекта – выкарыстоўваць другасную сыравіну. Суседзі Міхаіла ўжо зацікавіліся праектам. Ідэя хлопца спадабалася і журы, якое дало яму другое месца (прыз – дыплом і флэшка). Міхаіл сам паспрабуе рэалізаваць праект і спадзяецца, што ім у будучыні будуць карыстацца тысячы гарадзенцаў.
Аўтары праектаў-пераможцаў атрымалі за свае ідэі флэш-карты і дыпломы. Толькі школьнік Антон Кiрыльчук атрымаў грашовую ўзнагароду – 3 млн рублёў.