Гдыня: Горад мора і найшчаслівейшых палякаў

Макет горада ў “Інфабоксе” – адным з культурніцкіх цэнтраў Гдыні, дзе праходзяць адкрытыя мерапрыемствы для гаражан і гасцей

 

Мора – заўсёды цуд. І хаця мне давялося наведаць Гдыню позняй восенню, яго магія і прыгажосць яшчэ больш зачаравала. Нават у лістападзе, калі сезон ужо далёка не самы спрыяльны, яно дорыць дзіўныя імгненні прыгажосці.

 

У самым цэнтры горада можна выйсці на бераг, дзе стаяць караблі, і нават зайсці на каторы з іх для экскурсіі. Альбо проста пакарміць марскіх птушак.

 

“Бліскавіца” – сапраўдны ваенны карабель, дзе можна дакрануцца да будняў маракоў, пастаяць за штурвалам і пазнаёміцца з яго ўзбраеннем


Зараз птушак кормяць хто чым мае. Аднак мясцовыя аматары птушак ужо звярнуліся да гарадской рады з прапановай усталяваць на беразе “птушкаматы”, каб за невялікую плату можна было б атрымаць мяшэчак з няшкодным кормам

 

Калі ж аддаліцца трохі ад цэнтра і пад’ехаць (ці дайсці па беразе) да Арлоўскага мыса, можна выйсці на пірс, каб з мора азірнуцца на горад, ці падняцца на гару, каб паназіраць за  морам зверху.

 

Мыс Арлоўскі – найчасцей фатаграфаванае месца ў ваколіцах Гдыні. Насамрэч. цяжка ўстрымацца, каб не зрабіць колькі здымкаў


Залатая лістота бярозаў, галубы і… мора. Нечананае спалучэнне для беларускага вока

 

Асабліва магія мора адчуваецца побач з сонцам. Марскія світанкі і закаты – дзіўны і поўны прыгажосці час. Для аматараў назіраць за гэтымі прыроднымі з’явамі позняя восень у Гдыні падходзіць найлепш, бо светавы дзень кароткі, не трэба дапазна чакаць ці рана ўставаць каб тое пабачыць.

 

Сонца ўстае проста з мора. Здымкі зроблены каля Арлоўскага мыса


Захад сонца, здымкі з берага ў цэнтры горада


Гдыня паўстала з мора як сучасная Афрадыта. Яе “гарадская” гісторыя пачалася пасля Першай сусветнай вайны, калі Польшча атрымала доступ да Балтыкі. Менавіта тады каля колішняй вёсачкі, што жыла рыбалоўствам і сельскай гаспадаркай, вырашана было пабудаваць порт, што стаў акном у свет для ўсёй краіны.

 

Звычайна ўвосень тут хмарна, але раніцай, пару гадзін пасля ўзыхду сонца, можна злавіць вельмі яснае надвор’е. Пашчасціла нават пабачыць вясёлку над морам

 

Вялікая будоўля сабрала тут шмат цікавых людзей, дасведчаных прафесіяналаў – архітэктараў, будаўнікоў, маракоў, гатовых ператвараць мары і мэты ў рэчаіснасць. Гэта іх намаганнямі быў створаны горад – узор месца, што прарастае ў будучыню.

 

Яшчэ за сацыялістычным часам маракі прывозілі ў Гдыню “заходні вецер” – сучасную музыку, тэхніку, рэчы. Знайсці замежныя цікавосткі ў колішняй Польшчы было найверагодней тут. Сюды, на вуліцу Гандлёвую (сучасную Свентаяньскую), з’яжджаліся за заходнімі цікавосткамі з усёй Польшчы. Таму людзі тут ад пачатку былі больш вольнымі і адкрытымі да новага.

 

Пра гісторыю горада лепш за ўсё раскажуць у музеі. Ён таксама вельмі сучасны і незвычайны, як і сам горад


Але Гдыня месца не толькі для тых, хто прыехаў сюды на кароткі час, на мора. Найперш, гэта горад для тых, што тут жыве. Звычайны турыст можа таго не заўважыць, але тут мясцовыя жыхары насамрэч гаспадары. Да іх тут ставяцца як да галоўнага скарбу. Гарадское самакіраўніцтва вельмі шчыльна працуе з гаражанамі, знаходзіцца з імі ў пастаянным дыялогу.

 

Дастаткова сказаць, што часткай гарадскога бюджэту распараджаюцца наўпрост самі гдыняне: ужо некалькі гадоў гарадская рада праводзіць конкурс на рэалізацыю праектаў, заяўленых жыхарамі. Можна напісаць прапанову, напрыклад, па дабраўпарадкаванню тэрыторыі двара ці спартыўнай пляцоўкі ці іншых зменах у гарадской прасторы, патрэбных жыхарам, і размясціць яе на старонцы гарадской рады. Па выніках інтэрнэт-галасавання праект-пераможца атрымлівае фінансаванне і рэалізуецца.

 

На беразе часта можна сустрэць і лебедзяў


Па ініцыятыве моладзі горада аднаго са “спальных” раёнаў  тут створаны клуб “Выменікоўня”. У пустым будынку колішняга цеплапункта (выменікоўні цепла) пасля рэканструкцыі створана прастора для творчых сустрэч і заняткаў, што арганізоўваюць і праводзяць самі маладзёны. Зараз тут вучаць іграць на гітары, танцаваць брэйк, гаварыць на замежных мовах ды іншым рэчам. Тут можна арганізаваць ноч кінафільмаў альбо правесці сустрэчу з сябрамі. Адна з ініцыятыў Выменікоўні – заняткі па жангляванню, зараз ператварылася ў штогадовы гарадскі фестываль. Можна сказаць, будынак выкарыстоўваецца згодна першапачатковай мэце – тут насамрэч абменьваюцца цяплом, што ідзе ад  сэрцаў.

 

Гэтым разам у Выменікоўні сабраліся еўрапейскія валанцёры. Штомесяц яны збіраюцца тут на “нацыянальныя” сняданкі, каб пачаставаць сяброў смакоткамі, што гатуюць у іх краінах. А яшчэ – каб павіншаваць імяніннікаў месяца


Вельмі цеснае супрацоўніцтва рада горада мае з грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі. Напрыклад, тут рэалізуецца праект “Гдыня для ўсіх”, у межах якога валанцёры разам з асобамі з інваліднасцю, тымі хто слаба бачыць ці перамяшчаецца на вазках, даследуюць даступнасць гарадской прасторы. Месцы, што патрабуюць зменаў – высокія бардзюры, адсутнасць пераходаў, слупы на тратуарах ды іншае, наносяцца на інтэрактыўную мапу. Такім чынам гарадскія ўлады ведаюць, што трэба зрабіць для паляпшэння даступнасці гарадскога асяроддзя.

 

Шпацыр з людзьмі з інваліднасцю – гэта яшчэ і магчымасць знайсці новых сяброў, пабачыць горад вачыма людзей з абмежаванымі магчымасцямі ці знайсці месцы, куды прыемна было б вярнуцца правесці вольны час


Ініцыятыўная група маладых мам атрымала фінансаванне на стварэнне мапы шпацыраў, куды можна пайсці з дзецьмі, каб добра правесці час. Яны стварылі сапраўдны квэст – з пытаннямі і заданнямі, якія можна выканаць у пэўных частках горада, каб лепш яго пазнаць. Зараз створаны ўжо два такія маршруты, а на наступны год, да 90-годдзя горада, рыхтуецца яшчэ адзін, на якім будзе дзевяць цікавых аб’ектаў – па адным на кожнае дзесяцігоддзе гарадской гісторыі.

 

У Гдыні працуюць клубы сталых людзей і Універсітэт Трэцяга Веку, бясплатныя грамадскія кансультацыі юрыстаў і псіхолагаў, цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва, дзе за паўгадзіны можна зарэгістраваць уласны бізнес. Усё, што прапануе гэты цэнтр – ад рэгістрацыі да кансультацый і навучання – таксама бясплатна для жыхароў горада.

 

Яшчэ ў Гдыні быў рэалізаваны ўнікальны праект працы з сем’ямі ў небяспечным становішчы. Тут палічылі, што калі бацькоў пазбаўляюць правоў на выхаванне дзіцяці, то гэта вядзе да вялікіх страт – маральных – ад таго што рушыцца сям’я, і матэр’яльных – неабходных на ўтрыманне дзяцей у дзіцячых дамах і працу з нядбайнымі бацькамі. Таму ў межах праекту кожная такая “цяжкая” сям’я атрымала ўласнага кансультанта, што цягам года дапамагае выправіць сітуацыю. У выніку трох год рэалізацыі праекта колькасць дзяцей, што накіроўваліся ў дзіцячыя дамы, знізілася больш чым на палову. Дзякуючы такой працы апошні “звычайны” дзіцячы дом расфарміроўваецца, хутка дзеці, што ўсё ж засталіся без бацькоў, будуць жыць толькі ў прыёмных сям’ях.

 

Пра поспехі Гдыні сведчаць і вынікі сацыялагічных даследванняў. Паводле іх? менавіта ў гэтым горадзе жывуць найшчаслівейшыя палякі. Больш за 40% жыхароў горада кажуць, што задаволены сваім жыццём.  І не толькі мора таму нагода. 

 

Від на мора з наберажнай у цэнтры горада