Максім Вітус: “Гродна праклаў мне дарогу ў “Дынама”

|

Максім, што для цябе значыць вярнуцца ў Гродна?

 

– Вядома ж, настальгія. Тры гады я гуляў за “Нёман” і заўсёды ў Гродне была добрая атмасфера. Тады ў нас была вельмі моцная каманда, якая паказывала вынік. І мы дамагліся таго, каб “Нёман” удзельнічаў ў Еўракубках. Уласна Гродна мне праклаў дарогу ў “Дынама”.


Як адчуваеш сябе ў сталічнай камандзе?

 

– Я, як нармальны футбаліст, мару ісці ўверх і прагрэсаваць. І тое, што я перайшоў з “Нёмана” ў “Дынама”, гэта вялікі плюс, не толькі для мяне, але, думаю, і для Гродна, бо гулец перайшоў у больш прэстыжны клуб. Гэта нармальная практыка.


Каго б ты хацеў бачыць з цяперашняй гарадзенскай каманды ў “Дынама”?

 

– Жэню Савасьцьянава. У гэтым выпадку усё залежыць ад яго. Тым больш, з’яўляецца ўсё больш і больш чутак звязаныя з ім і мiнскай камандай. Я буду толькі рады, калі мы апынемся ў адной камандзе.


За кошт чаго “Дынама” перамагло “Нёман” у Кубку?

 

– Напэўна, з-за таго, што гэта нам больш патрэбна было. “Нёману” не хапіла рэалізацыі і галоў. Гэта гульня, гэта футбол і перамагае мацнейшы. Мы забілі і ведалі, што гарадзенцы пойдуць ў контратакі, мы адстаялі і не далі ім забіць. За кошт і гэтага перамаглі.


Скончыўся сезон. Напэўна, ты сачыў за “Нёманам”. Як лічыш, чаго не хапае гарадзенскай камандзе?

 

– Напэўна, балючае пытанне для ўсіх, гэта змена пакалення. Мне здаецца, цяперашняе пакаленне чамусьцi не так прагрэсуе, як раней. Напрыклад, у часы Дзімы Кавалёнка ўсё было зусім па-іншаму. Зараз хлопцы нейкія мяккацелыя, не хапае ім характару ў тых момантах, дзе трэба яго праявіць.

 

***

 

Перад тым як пакінуць стадыён Максім Вітус падзякаваў гарадзенскім балельшчыкам і падарыў аднаму з іх сваю імянную майку.