Апытанне ў Гродне: “Пенсійны ўзрост трэба падвысіць для чыноўнікаў: яны сядзяць у цяпле, бетон не цягаюць…”
Жанчына пенсійнага веку: “Я як пенсіянерка, то магу ўжо свабодна казаць. Чула нядаўна, як па тэлебачанні адна пенсіянерка казала: я б і ў 65 пайшла на пенсію. Ну добра, то няхай адмовіцца ад пенсіі і працуе да 65 гадоў, гэта ж цалкам магчыма зрабіць. А са мной працуе адна жанчына, дык яна не можа дачакацца, каб хутчэй выйсці на тую пенсію, каб гэты тэрмін не працягнулі, бо яна ўся хворая, ледзьве ходзіць на тую працу. Канечне, як тыя чыноўнікі сядзяць у цёплых памяшканнях, бетон не цягаюць, то яны могуць працаваць і далей”.
Мужчына перадпенсійнага веку: “У мужчын цяпер сярэдняя працягласць жыцця складае ў нас 62 гады. Ну, а калі зробяць пенсію ў 65, то будзем паміраць без пенсій…”
Малады мужчына: “Я супраць гэтага. Калі яны хочуць гэта зрабіць для начальства і чыноўнікаў, то няхай яны сядзяць на працы хоць да 70 гадоў. А тыя, хто працуе на будоўлі, у 65 гадоў не здолеюць бетон цягаць і тую ж цэглу. Ісці працаваць у дворнікі? Але ж цэлая краіна не зможа працаваць дворнікамі”.
Малады мужчына: “Ужо зараз пенсіянеры ў 60 гадоў, нават вайсковыя, ідуць на працу не таму, што ім так хочацца, а таму, што нестае грошай на жыццё. А дзяржава хоча адцягнуць, кажучы літаратурнай мовай, час дзеля таго, каб папросту меней выплачваць пенсій…”
Жанчына пенсійнага ўзросту: “Я сама адношуся да гэтай катэгорыі і гляджу на сваіх пенсіянерак, то яны яшчэ многія выглядаюць маладымі і яшчэ год-два маглі б працаваць. А мужчынам я б пакінула пенсію да 60 гадоў, як ёсць, бо яны ў нас слабыя”.
Маладая жанчына: “Мне здаецца, не трэба падвышаць пенсійны ўзрост. Мы прызвычаеныя да таго, што ёсць, і наўрад ці перанастроімся на іншае”.
Жанчына пенсійнага веку: “Мне здаецца, што няхай усё застаецца як ёсць. Я вунь пенсіянерка і шукаю зараз працу, і нідзе не магу знайсці. Мяне на пенсію адправілі, а ў мяне двое ўнукаў. Атрымліваю два мільёны з капейкамі, але што гэта за грошы? А паспрабуй накармі гэтых унукаў…”