Вусы, лапы і хвост – вось мае дакументы. У Гродне жывёлы чакаюць гаспадароў на руінах дамоў

Сабака чалавеку Дружок

 

Цяперашняе месца пражывання гарадзенскіх Шарыкаў і Матроскіных больш падобна на тэрыторыю пасля бамбёжкі. Людзі ўжо каля месяца таму канчаткова пераехалі ў новыя кватэры. Хату Дружка некалькі дзён таму зраўнялі з зямлёй, будка – апошні напамін старога сабачага жыцця. Па просьбе валанцёраў “Адданага сэрца” будаўнікі адцягнулі драўляны дамок у бок, каб сабака не перашкаджаў працы. Але ён працягвае сядзець на месцы, дзе раней была брама гаспадарскай хаты.

 

– Тры месяцы таму я размаўляла з уладальніцай Дружка, калі даведалася аб зносе, – распавядае Віта, якая ўжо пару гадоў корміць і стэрылізуе жывёл на Татарскай. – Гаспадыня сцвярджала, што пёс не іх, проста прыбіўся. Перад ад’ездам яна планавала ўсыпіць сабаку, казала, што ў кватэру яго браць нельга, бо ў суседа алергія.

 

Але ў выніку небарака на старасці гадоў застаўся на вуліцы.

Дружок [на фота], які калісьці для сваіх хатніх быў Рэксам, не адзін у сваёй бядзе. На руінах разгромленага прыватнага сектара блукаюць яшчэ два сабакі і некалькі котак. Валанцёры “Адданага сэрца” сцвярджаюць, што многія хатнія жывёлы засталіся без прытулку пасля пераезду былых уладальнікаў.

 

Гутарка з гаспадыняй Грэя [на першым фота ўверсе] у нас зусім не заладзілася. Два месяцы таму пыталася дазволу пафатаграфаваць сабаку, каб знайсці яму новую сям’ю. Гаспадыня адмовіла, матываваўшы тым, што будзе ўсыпляць. У выніку Грэй склаў кампанію Дружку, – хвалюецца Віта.

 

Пад “жорсткае абыходжанне” патрапляе не ўсё

 

У гэтай сітуацыі, каб прыцягнуць уладальнікаў да адказнасці, можна напісаць заяву, але валанцёры баяцца за жыццё жывёл. “Дарослым сабакам цяжка знайсці дом”, – кажа валанцёрка Наталля. У выпадку, калі на жывёл выклічуць службу адлову, на пошукі новых гаспадароў застанецца пяць дзён. Пасля хвастатых усыпяць.

 

Бяздомныя жывёлы гэта звыклая з’ява для беларускіх гарадоў.

 

– Нам жыццёва неабходна дбайна прадуманы Закон “Аб абыходжанні з жывёламі”. Уладальнікаў трэба абавязаць чыпавать сваіх падапечных, гэта дазволіць ідэнтыфікаваць пакінутую жывёлу. Варта ўвесці ў заканадаўства нормы аб адказнасці не толькі за жорсткае абыходжанне, але і за такую вось “страту” жывёл, “самавыгул”, некантраляванае развядзенне, – каментуе Вераніка Мельнікава, валанцёр “Адданага Сэрца”.

 

Ці трапляе выпадак Дружка пад закон аб жорсткім абыходжанні з жывёламі? У студзені 2015 года такі закон дапоўніў Крымінальны кодэкс [арт. 339 ч. 1], адказнасць за гэта прадугледжвае і Адміністрацыйны кодэкс [арт. 15.45].

 

– І ў крымінальным і ў адміністрацыйным заканадаўстве прадугледжваецца адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі, “што пацягнула іх гібель або калецтва”. Але тут больш мае месца фізіялагічны аспект. Тое, што ўладальнікі кідаюць жывёл на галодную смерць і пакуты ад холаду, не падпадае ні пад крымінальную, ні пад адміністрацыйную адказнасць. Паняцце “жорсткае абыходжанне з жывёламі” мае хутчэй ацэначны характар, што выклікае складанасці з доказамі, – адказвае Вераніка Мельнікава.

 

Зараз пытанні ўтрымання хатніх жывёл рэгулююць “Правілы ўтрымання сабак, котак” ад 4 чэрвеня 2001 г. Тым часам, пакуль Дружок і яго кампанія без прытулку ўжо каля месяца, а валанцёры шукаюць ім новы дом, на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў ляжыць законапраект “Аб абыходжанні з жывёламі”.