“Эколагі і штучная елка выконваюць сваю працу добра”. У Гродне падае попыт на жывыя елкі
У гэтым годзе, як і ў мінулым, у Гродне плануецца 19 гандлёвых кропак. У продажы будуць елкі, хвоі, букеты і елкі ў кадках. Апошнія будуць прадавацца, хутчэй за ўсё, у сядзібе лясгаса ў Пышках. Такіх елак у мінулым годзе прадалі 110 штук, у пазамінулым – 350. Такой навагодняй прыгажуні пасля святаў можна даць другое жыццё.
Цэны на навагоднюю елку ў Гродне:
да 1 метра – 85 тыс.
ад 1 метра да 2 – 110 тыс.
ад 2 метраў да 3 – 165 тыс.
Цана на елку ў кадцы яшчэ пралічваецца.
Рэалізацыя навагодніх прыгажунь пачнецца з 21 снежня. Час працы елачных рынкаў з 11.00 да 20.00
Людзі аддаюць перавагу штучным елкам
Хаця попыт на жывую елку з кожным годам змяншаецца, нарыхтоўка святочных дрэў застаецца ранейшай. Прадстаўнікі Гарадзенскага лясгаса адзначаюць, што эколагі і штучная елка выконваюць сваю працу вельмі добра.
– У мінулым годзе мы рэалізавалі каля 29 тысяч елак па ўсёй вобласці. У Гродне больш за 7 тысяч. Але варта адзначыць, што аб’ёмы рэалізацыі падаюць з году ў год. Верагодней за ўсё, людзі аддаюць перавагу штучным елкам. І ўсё больш і больш людзей лічыць, што жывыя елкі ствараюць шмат праблем, – распавёў вядучы інжынер вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі гарадзенскага лясгаса Яўген Думчаў.