У Гродне адкрылася Lofthouseсafe, дзе абяцаюць рабіць здаровы фаст-фуд і вегетарыянскія стравы

|

Амбіцыйны ўласнік з’яўляецца пачаткоўцам у гастранамічным бізнесе. Але, нягледзячы на гэта, ён робіць стаўку на свой свежы погляд у гэтай сферы. У яго планах актыўнае развіццё і стварэнне сеткі устаноў пад назвай Lofthousecafe. Першая ўжо адкрылася па вуліцы Ажэшкі, у будынку былога рэстарана “Масква”.


– Прыйшоў час сцерці стэрэатыпы звязаныя са старой і дарагой установай. Пасля таго рэстарана было некалькі забягалавак. У выніку прыйшлі мы, і, спадзяюся, на доўга, – распавядае уладальнік Кірыл.

 

Установа разлічана як на прыезджых турыстаў, так і на гараджан.


Атмасфера

 

Што лагічна для ўстановы са здаровай ежай, у інтэр’еры выбар стваральніка кафэ паў на дызайн у стылі “эка” ды “лофт” [стыль былых прамысловых будынкаў]. Уладальнік даў жыццё старым паддонам, якія ператварыліся ў сталы і крэслы. На сценах – вялікія шыльды з фанеры. Кавярня невялікая – усяго на 30 чалавек. Аднак сціплыя памеры не азначаюць, што тут не будзе банкетнага абслугоўвання: упор будзе рабіцца ў тым ліку на карпаратывы.


Кухня

 

Фішкай ўстановы стануць ужо даўно вядомыя на Захадзе, але не вельмі папулярныя ў Гродне кебаб і шаурма.

 

Я вучыўся ў Варшаве, – распавядае Кiрыл. – Натуральна, меў патрэбу ў нармальным харчаванні, але рэгулярна сталовую наведваць не мог. Так я і заахвоціўся да хуткай ежы. У Польшчы так жывуць тысячы студэнтаў. Ужо пасля вучобы я вырашыў зрабіць у Гродне ўнікальнае кафэ, дзе можна перакусіць і шчыльна паесці. Узяў прыклад у суседзей. Але галоўная задача – стварыць здаровы фаст-фуд. Спадзяюся, у мяне атрымаецца.

 

Акрамя кебаба і шаурмы ў Lofthouseсafe ёсць бургеры, пасты, супы, салаты і дэсерты.


А што для вегетарыянцаў?

 

Для вегетарыянцаў i зараз выбар шырокі. Але яшчэ месяц Кiрыл будзе назіраць, што трэба кліенту. Ад спецыялізаванай вегетарыянскай ежы ён не адмаўляецца і абяцае ў хуткім часе стварыць адмысловае меню для тых, хто не есць мяса.

 

Таксама ўладальнік абяцае зрабіць зніжку студэнтам у буднія дні.

 

Lofthousecafe знаходзіцца на вуліцы Ажэшкі, 31.

Час працы з 9.00 да 22.00 у буднія дні. У выхадныя ад 11.00 да 1.00.