Гарадзенскія габрэі пачалі святкаваць Хануку
Ханука – гэта свята свечак, якое штогод усе габрэі адзначаюць на працягу васьмі дзён. Свечы запальваюць у памяць аб цудзе, які адбыўся ў час асвячэння храма пасля перамогі войскаў Іегуды Макавея над войскамі цара Антыёха ў 164 годзе да н.э. Гэтае свята вельмі важнае для габрэяў, бо сімвалізуе, што вера ў Бога вечная, і ёсць рэчы, у прыватнасці духоўныя, якія нельга ў чалавека адабраць.
У гэты вечар дзясяткі гарадзенскiх габрэяў наведалі сінагогу.
Роўна ў 17.00 на балконе сінагогі выступіў рабін Іцхак Кофман, які павіншаваў усiх і запаліў першую свечку на адмысловым падсвечніку – Ханукіі.
Пасля ўсе ўвайшлі ў сінагогу, дзе чакаў салодкі стол з традыцыйнымі ханукальнымі пончыкамі і канцэрт Пiнхаса Цынмана – выканаўцы ў стылі хасідскага рэгі.
Пончыкі, якія пякуць у габрэйскіх сем’ях, называюць “суфганiёт”.
Асноўная традыцыя Ханукі – цырымонія запальвання свечак. Таксама адбываюцца розныя мерапрыемствы і гульні для дзяцей, самай папулярнай з якіх з’яўляецца “свiвон” або “дрэйдл” – падабенства рускага ваўчка або юлы.