Электронны гандаль у Гродна
У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел: начальнік упраўлення гандлю і паслуг гарвыканкама С.В.Сівірчукова, дырэктар ГД «Нёман» С.В.Семянчук і дэкан факультэта перападрыхтоўкі і падвышэння кваліфікацыі “Школы турызму і гасціннасці” С.В.Балюк.
Усе тры «С.В. » гаварылі аб перавагах пакупак-продажаў праз электронную пошту, маючы на ўвазе вызначаны сайт. Гаварылі аб тым, што ў апошні час да ініцыятара электроннага гандлю далучыліся яшчэ 22 «рэзідэнты», 10 з якіх – прыватныя гандлёвыя прадпрыемствы. На пытанне аднаго з журналістаў – «Ці створаная запланаваная паўгады таму гарвыканкамам электронная кніга скаргаў» – адказ атрыманы не быў. Яно (пытанне) апынулася па-за кампетэнцыяй прэс-арганізатараў.
Можна выказаць здагадку, што дадзенае мерапрыемства праведзена Гродзенскім гарвыканкамам у сувязі з новай дзяржаўнай кампаніяй пад умоўнай назвай «Абнаві сайт». Так, учора начальнік упраўлення прадпрымальніцтва Мінгарвыканкама Аляксандр Каліноўскі канстатаваў: «Сайты шматлікіх мінскіх прадпрыемстваў састарэлі і патрабуюць абнаўлення». А выканаўца абавязкаў старшыні Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька даручыў камітэту эканомікі і адміністрацыям раёнаў сталіцы паінфармаваць кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў усіх форм уласнасці, якія выпускаюць экспартаарыентаваную прадукцыю, аб неабходнасці абнаўлення інфармацыі на сайтах. Усталяваны і тэрмін выканання – тыдзень.
Верагодна, падобныя прапановы паступілі і «на месцы».
І хоць рэкламуемы на прэс-канферэнцыі сайт не прыналежыць прадпрыемству, якое выпускае «экспартаарыентаваную» прадукцыю, мерапрыемства цалкам адлюстроўвае апошнія адміністрацыйныя электронныя павевы у гандлі.
Ілюстрацыя http://www.profnavigator.ru