Экалагічны дом пад Гродна: як сям’я будуе жыллё з гліны і саломы

У экадоме асаблівы мікраклімат

 

Экадом будуюць у Гродзенскім раёне. Цяпер на месцы будоўлі стаіць вялікі дом з гладкімі сценамі. Хутка з’явяцца сцежкі і плот.

 

– Будаваць такі дом мы пачалі не ад любові да экалогіі. Аднойчы мы прыехалі да знаёмага, у якога быў такі ж дом, і нам вельмі спадабалася яго атмасфера і мікраклімат, – кажа Сяргей.

Такім, якім мы ўбачылі яго, дом удалося пабудаваць за два сезоны

 

Арлоўскія будавалі дом ўсёй сям’ёй: Сяргей, Наталля, дачка з сынам. Часам дапамагалі сябры. Засталося зрабіць унутраную частку дома, а для гэтага трэба шмат матэрыялаў і часу, бо патрабаванні да інтэр’еру ў такім доме вышэй.

 

Саман рабілі самі

 

Вопыт будаўніцтва Сяргей з жонкай Наталляй пераймалі ў экабудаўнікоў, ездзілі, размаўлялі. Сяргей паказаў, як ён рыхтуе натуральную тынкоўку.

 

– Натуральныя гліняныя тынкоўкі дэкаратыўныя і вельмі прыгожыя. Гэтая тэхніка з’явілася ў Еўропе некалькі дзесяцігоддзяў таму.

 

Працэс запаўнення сцен саманам выглядае так: у ёмістасці вымочваюць гліну, побач на каркас кладзецца шыфер, на шыфер – краты. Гліна замешваецца з вадой да стварэння смятанападобнай масы. Салому абмакваюць у гліну і кладуць на краты. Калі лішняя вада сцячэ, салому можна ўтрамбоўваць.

Чым больш гліны будзе ў тынкоўцы, тым менш цяпла ў доме. Затое яна будзе рэгуляваць вільготнасць, а за кошт гэтага ў доме будзе менш пылу. У звычайных дамах зімой вільготнасць паніжаная. Да таго ж, атынкаваны дом немагчыма падпаліць, нават калі там будзе шмат саломы.

 

– Небяспечнымі з’яўляюцца нават домы з бетоннымі перакрыццямі, таму што метал, награваючыся, разбурае бетон і дом абвальваецца. Лічыцца, што драўляныя бэлькі гараць дастаткова доўга, а значыць, ёсць час пакінуць памяшканне, – тлумачыць Сяргей.

 

Гліняная падлога будзе гладкай

 

У доме Арлоўскія хочуць зрабіць натуральную гліняную падлогу. Падобныя раней сустракаліся ў Беларусі і Украіне паўсюдна. Але тая падлога была проста ўтрамбаванай глінай, якую нельга было мыць. Сучасная гліняная падлога прапітваецца натуральнымі складамі. Яна становіцца роўнай і гладкай, яе без праблем можна мыць.

 

– І гэта вельмі прыгожа, – адзначае Сяргей.

 

Праўда, працы трэба нямала: спачатку кладзецца пласт жвіру або кераміту, потым некалькі слаёў гліны. І ўсё гэта прапітваецца да сямі разоў. У кватэры можна зрабіць прасцей.

 

– Сучасныя драўляныя падлогі пакрываюцца такім пластом лаку, што да дрэва там не дакранешся. У якасці альтэрнатывы дрэва можна пакрыць алеем. Яшчэ адна альтэрнатыва – каменны пол, але гэта вельмі дорага, – кажа Сяргей.

 

Экабудаўніцтва вельмі дарагое

 

Каркасны дом прастаіць не менш за 100 гадоў пры ўмове, што правільна падабрана драўніна, усталяваны высокі падмурак, не працякае дах. Зараз Сяргей кажа, што будаваў бы дом паменш (цяпер 180 кв.м). Тады было б хутчэй і прасцей. Але прыйшлося вучыцца на сваіх памылках. Затое зараз ён можа кансультаваць і расказваць, як пабудаваць недарагі экадом.

 

– Чамусьці склалася такое меркаванне, што экалагічнае будаўніцтва павінна быць танным, – кажа Сяргей. – А ў Еўропе, куды мы рухаемся, яно каштуе ў два-тры разы даражэй, чым традыцыйнае.

 

Сяргей кажа, што ў экабудаўніцтве трэба марнаваць альбо час на тое, каб разабрацца ва ўсіх тонкасцях, альбо грошы на спецыялістаў, якія ў гэтым ужо разбіраюцца.

 

Сяргей параўноўвае:

 

– Каб атынкаваць звычайны дом, трэба два-тры дні і два работнікі. А ў экабудаўніцтве выкарыстоўваецца пераважна ручная праца. За тыдзень з атынкоўкай справіцца шэсць-сем чалавек.

 

Пры гэтым праца павінна праходзіць пад кантролем спецыяліста. Звычайную тынкоўку можна лёгка развесці вадой і працаваць з ёй – гэтым займаюцца шматлікія спецыялісты і ёсць нават майстар-класы ў інтэрнэце. А ў працы з экатынкоўкай трэба мець вопыт і спецыяльныя веды. Каб зрабіць бетон, трэба змяшаць пясок і цэмент у вядомых прапорцыях. А гліна бывае розная. І сказаць, колькі частак гліны і колькі пяску спатрэбіцца, можа толькі спецыяліст. Пры кожным новым замесе трэба правяраць яго якасць.

Сяргей пакрывае дах дранкай. Калі дах зроблены правільна, ён пражывае не менш за 70 гадоў. Да таго ж, дранка гарантуе гукаізаляцыю.

 

Экадамы не шкодзяць навакольнаму асяроддзю і пасля тэрміну сваёй службы

 

Экалагічнае будаўніцтва ўключае ў сябе не толькі пабудову, але і ўтылізацыю. У нас у краіне няма тэхналогій ўтылізацыі – старыя дамы вывозяць і закопваюць. Затое экалагічны дом з гліны і саломы пры ўтылізацыі цалкам будзе перапрацаваны самой прыродай і не толькі не прынясе шкоды, а яшчэ і ўзбагаціць глебу. Да таго ж, салома і гліна праходзяць мінімальную апрацоўку, якая не патрабуе паліва. Адзінае, што застаецца – гэта шкло, а гэта ўжо другасная сыравіна. Раней замест шкла выкарыстоўвалі бычыны пузыр, крышталі, слюды і кварцы.

 

– Але тут лепш без фанатызму і нацягваць пузыры на вокны мы не збіраемся, – усміхаецца Сяргей.

 

– Бывае, што сцены хаты пакрытыя экаматэрыяламі, падлога чыстая. Дом быццам бы экалагічны, але на самой справе не мае да экалогіі ніякага дачынення. Хоць і ў звычайным доме можна дамагчыся пэўнай экалогіі, калі знайсці правільнага чалавека і матэрыялы, – кажа Сяргей.

Ці шмат эка-дамоў у Гродзенскай вобласці?

 

– Я чуў, што ў Гродзенскім раёне будуюцца яшчэ некалькі такіх дамоў з падобным каркасам. Не ведаю, на якім яны этапе. Нешматлікія вырашаюцца на такое будаўніцтва, гэта пэўнае рызыка. Складана знайсці брыгаду. Не ведаю, хто, акрамя мяне, гэтым займаецца.

 

Фота: Ян Лялевіч