Гарадзенец знайшоў у сябе на ўчастку надмагільныя пліты ХІХ стагоддзя

|

На адной пліце ёсць надпіс “Отставной майор артилерии Иван Яковлевич Якуб”. Ён памёр у 1889 годзе. На другой запісы ў гатычным стылі, магчыма гэта плiта знаходзілася на магіле якога-небудзь пратэстанта.

 

Пліты былі знойдзеныя яшчэ летам, але жадаючых іх забраць так і не знайшлося. Першым, хто даведаўся пра знаходку, быў калекцыянер Януш Парулiс.

– Я iх не мог сабе забраць, бо гэта няправільна. Яны павінны знаходзіцца на сваім месцы. Дом, каля якога яны былі знойдзеныя, быў пабудаваны ў 1950-я гады. У ім жыла сям’я Кiўлякоў. Кіраўніка сямейства называлі Коваль, напэўна з-за таго, што ён умеў каваць. Я памятаю, што ён цягаў дадому ўсякі хлам, магчыма, у хляве ў яго і была майстэрня.


Як ранейшы гаспадар мог быць звязаны з надмагільнымі плітамі, Януш не ведае. Пасля смерці мужчыны ён дапамагаў яго сынам разбіраць дом ад смецця і бачыў гэтыя пліты, але тады імі ніхто не хацеў займацца. Так яны праляжалі ў стадоле доўгія гады, пакуль дом не купіў новы гаспадар. Камяні ён знайшоў летам 2014 года.


– Ён хацеў іх вывозіць. Я сказаў, што можа хто-небудзь яшчэ забярэ. Прайшло некалькі месяцаў, але ніхто не забраў, хоць я і ў царкву схадзіў.

 

Вядома, што вуліца Лермантава знаходзіцца побач са стадыёнам “Нёман”. Там да канца 1950-х гадоў былi старыя габрэйскія могілкі. Януш успамінае, што ў дзяцінстве ён назіраў там акрамя габрэйскіх мацэваў і крыху крыжоў.

– Мясцовыя імкнуліся не браць нічога з тых пахаванняў, калі iх нішчылі. Мы паважалі гэтае месца.

 

Прадстаўнікі праваслаўнай і лютэранскай царквы зацікавіліся знаходкай і паабяцалі, што пастараюцца забраць камяні сабе.