Пад Навагрудкам скончылі мантаж першай устаноўкі новага ветрапарку

|

У гэты час году хуткасць ветру часта перавышае 10-16 м/с, што вельмі ўскладняе будаўніцтва, паведамілі ў прэс-службе “Гроднаэнерга”. Акрамя ветру працы ўскладняў і моцны туман, адзначылі на прадпрыемстве. Таму, хаця звычайны час мантажу аднаго ветрака – пяць дзён, у Грабніках праз надвор’е праца цягнулася восем працоўных дзён.

“Гроднаэнерга” з’яўляецца замоўцам, будуюць мантажнікі з польскай фірмы Sarens Polska, якая выйграла тэндар. Дапамагаюць таксама інжынеры кітайскай фірмы HEAG, якая пабудавала і прывезла ў Беларусь ветраэнергетычныя ўстаноўкі.

Будаўніцтва парку працягваецца, зараз краны грузапад’ёмнасцю 750 і 130 тон перамесцяцца на наступную пляцоўку. Дарэчы, іх польскія будаўнікі прывезлі з сабой з Варшавы праз Літву. Па Беларусі іх везлі ў суправаджэнні машын ДАІ. Пад Навагрудкам яны былі ўжо 21 лістапада. Некалькі дзён заняла афармленне кранаў беларускімі мытнікамі – працу будаўнікі змаглі пачаць толькі 26 лістапада.

Вышыня новых ветракоў такая ж, як першага, што працуе на пляцоўцы з 2011 года, – 80 метраў. А вось размах лопасцей крыху большы – не 82, а 87 метраў. Такім чынам новыя ВЭУ змогуць выходзіць на намінальную моц нават пры слабейшым ветры. Моц кожнага ветрака – 1,5 МВт.

Пачатак будаўніцтва ветрака, 26 лістапада 2015 года

Гандола, да якой пазней мацуюцца лопасці

 

Па дамове, усе пяць новых ветракоў павінны быць змантаваныя да канца снежня 2015 года. Будаўніцтва падстанцыі працягнецца ў наступным годзе.

 

Фірма Sarens Polska прафесійнае займаецца мантажом ветраэнергетычных установак у Польшчы, Германіі, Чэхіі і іншых краінах, усталёўвае калядныя ялінкі на плошчах гарадоў і займаецца іншымі працамі, дзе патрэбныя звышвысокія і звышмагутныя пад’ёмныя краны.

 

Фота energo.grodno.by i sarens.pl