“Снежань наш!” Цёплае надвор’е працягвае сезон веласіпедыстам
Ігар
– Я езджу ў любое надвор’е і ў снег, і ў дождж. Не маю патрэбы ў грамадскім транспарце і заўсёды выкарыстоўваю свой асабісты – двухколавы. А ўсё гэта дзякуючы надвор’ю, яно ў апошні час моцна змянілася. З Дзевятоўкi за 15 хвілін можна спакойна дабрацца ў цэнтр. Ровар я выкарыстоўваю з 1988 года, раней ездзіў толькі на матацыкле.
Фадзей
– Я заўсёды на ровары. Я не магу ад яго адмовіцца, бо ён моцна прыцягвае – ногі самі хочуць круціць педалі. У гэтым сезоне набыў новы ровар, катэгорыяй вышэй за папярэдні, там і гума сур’ёзная, таму снег і лёд не будуць перашкодай. Гэты снежань лічу ўдалым для веласіпедыстаў, дзякуючы яму сезон у многіх падоўжыўся. Як кажа галоўнае правіла веласіпедыста: “Зіма не перашкода, калі ты апрануў тры пласты адзення”. Так што і маразоў мы не баімся.
Васіль Аляксандравіч
– Ровар – гэта здаровы лад жыцця. Раней ездзіў круглы год на ім, цяпер усё радзей, бо здароўе не дазваляе. Надвор’е, натуральна, цешыць, хутка будуць усе на роварах, як у Парыжы. Пайшоў першы месяц зімы, а снегу ўсё няма. Перамены ўжо заўважныя.
Віктар
– Практычна круглы год на ровары. Лічу гэта самым зручным транспартам, каб дабрацца хутка на працу. Паглядзіце якое надвор’е зараз, сонца свеціць – усё для людзей. Хай пачынаюць дарожкі рабіць, у нас сезон падаўжаецца.
Андрэй
– Вельмі цешуся такому надвор’ю, бо люблю круціць педалі. З першым снегам прыйдзецца ставіць ровар на зімоўку. Але з такім надвор’ем, адчуваю, сезон будзе доўжыцца больш, чым звычайна.
Добрае надвор’е таксама працягвае сезон для дзяцей і студэнтаў.
Тэмпература ў першай дэкадзе снежня ў Гродне была на 3-4 градусы вышэй за кліматычную норму. Агулам тэмпература ў снежні будзе на 1-2 градусы вышэй за норму. А вось ападкаў прагназуецца больш. Праўда, у асноўным гэта будзе мокры снег і дождж. Сапраўднай зімы ў бліжэйшы час не чакаецца.