“Бойку не маглі спыніць два ўзводы аўтаматчыкаў”. Як у савецкім Гродне хадзілі “раён на раён”

|

Гарадзенскі досьвед: адзін аднаго не шкадавалі, але да зброі не даходзіла

 

Пра свой удзел у бойках 1970–80-х гадоў распавялі гарадзенцы Юры і Алесь, цяпер сталыя людзі, а тады актыўныя ўдзельнікі групавых боек.

 

— Горад дзялілі на “Цэнтр”, “Маслабазу”, “Палестыну”, “Шанхай”, “Пярэселку” а таксама “Гагарына” і “Фолюш”, — згадвае спадар Алесь, — і дастаткова было проста патрапіць у іншы раён горада, каб там цябе пабілі толькі за тое, што ты чужы. Але былі і больш драматычныя наступствы: наша суседка Галя, прыгожая дзяўчына, скардзілася, што не магла доўга выйсці замуж, бо жаніхі баяліся праводзіць яе вечарамі дадому. Было дастаткова аднаго разу і болей жадання ісці праводзіць другі раз адпадала. У мяне самога было такое: трапіў на “Гагарына”, правёў дзяўчыну, вяртаўся, а тут перапыняюць і задаюць пытанне — ты чаго нашыя соткі топчаш?… Прыйшоў дахаты з разарванай кашуляй, сінякамі і ў адной пантофлі.

 

Спадар Юры кажа, што тыя часы згадваюцца найперш, як нешта рамантычнае, але з іншага боку, паводле яго, хуліганка пачыналася ўжо з самых малых гадоў. Ён згадвае, што ў тыя часы многія сем’і жылі вельмі бедна і шмат хто з ягоных сяброў і аднакласнікаў хадзілі на рынкі альбо ў крамы і папросту кралі харчы — рыбу, хлеб, кавуны, насенне сланечніка, ды ўсё, што трапляла, бо былі галодныя. У гэтым за кампанію ўдзельнічаў і мой суразмоўца Юры:

 

— Разам бегалі па адных вуліцах, разам рабілі самапалы, узрывалі ў вогнішчах патроны, карбід, а як падраслі і пайшлі ў старэйшыя класы, у нас сфармавалася ўжо свая банда са сваімі лідарамі, у якой адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

 

Звычайна, паводле спадара Юрыя, канфлікты здараліся на роўным месцы: нехта пайшоў у іншы раён, там яго пабілі і тады збіраўся натоўп і ішлі разбірацца. Здаралася так, што прызначалі месца сустрэчы. У падобных разборках, паводле спадара Юрыя, часцей за ўсё ўдзельнічалі пераважна хлопцы ад 16-ці да 25 гадоў. Але здаралася так, што маглі падцягвацца і старэйшыя, нават мужчыны, бо яны таксама былі ў курсе таго, што адбываецца і стаялі гарой за свой раён.

 

— Звычайна такія месцы прызначалі альбо ў парку, на танцпляцоўцы і падвечар ужо ведалі, што на танцпляцоўцы павінна здарыцца бойка. Аднойчы, памятаю, была вялікая бойка, калі сярод белага дня “Гагарына” зышліся з “Пярэселкай” на новым мосце. Быў перапынены нават аўтамабільны рух. А яшчэ мне вельмі запомнілася, калі мы, цэнтраўскія, зышліся з “Шанхаем” побач з Нёманам. З абодвух бакоў было чалавек па 25. Нашыя хлопцы выцягнулі адразу падрыхтаваныя ланцугі, а тыя ў момант разабралі плот. Праўда, колькі я не ўдзельнічаў у бойках, ніколі ў нас не было нажоў. Больш таго, калі нас разганяла міліцыя і мы ўсе разам уцякалі праз яры, то памятаю, як падаваў руку таму, з кім толькі што біўся, бо ён скочыў у нейкае балота…

 

Спадар Алесь, усміхаючыся, дадае, што на танцпляцоўцы нават была адмысловая песня, і калі яе пачыналі выконваць музыканты, то гэта было сігналам да бойкі.

 

— Адзін з музыкантаў падыходзіў і цікавіўся — ці гатовыя мы. Некага штурхалі ў натоўп — і ўсё так пачыналася. Калі чалавек адбіваўся адзін ад траіх, то пускаў у ход папругу — гэта была асноўная зброя, а так пераважна біліся на танцляцоўцы кулакамі. І звычайна калі нехта ўпаў, то ўжо ніхто не біў яго, ішлі да другога. Міліцыя прыбягала, але яны і выляталі адтуль таксама, толькі фуражкі ім потым кідалі, а яны самі нічога не маглі зрабіць. 

 

Культ сілы і голад

 

У хлопцаў школьнага ўзросту ў той час, паводле спадара Юрыя, быў на першым месцы культ сілы: качаліся, трэніраваліся, збіраліся ў канкрэтных месцах, навучаліся розным прыёмам.

 

— На вуліцы Падольнай побач з пляжам гарадскім часта збіраліся хлопцы 8-10 класаў і трэніраваліся так, каб з аднаго ўдару “вырубіць” дарослага мужыка. Хадзілі чапляліся, “сшыбалі” грошы і цыгарэты. Праўда, не ва ўсіх гэта атрымлівалася, некаторыя паўторна гэтага ўжо не рабілі.

 

А спадару Алесю запала ў галаву тое, якія маштабныя падчас былі гэтыя бойкі:

 

— Машын у горадзе тады было няшмат і гул не стаяў, а калі ішлі арганізавана хлопцы на бойку, то здавалася, што рушаць чалавек трыста жаўнераў у ботах з абцасамі — такое ўражанне стваралася.

 

А ўявіце бойку на прывакзальнай плошчы, калі там чалавек трыста на трыста выходзіла, прыязджала некалькі машын міліцыі і нічога не маглі зрабіць. А аднойчы, я сам прысутнічаў, каля піўной “Уралачка”: прыехалі два ўзводы аўтаматчыкаў і не давалі рады разагнаць бойку.

 

Спадар Юры згадвае яшчэ, што некаторыя іх разборкі былі загадзя вядомыя міліцыі. Аднойчы “Маслабаза” ішла на “Цэнтр”, і каля чыгункі іх спынілі міліцыянты, узброеныя аўтаматамі.

 

— Але звычайна не было такога, каб біліся да нейкага канца, нас разганялі і ніхто нікога, як кажуць, насмерць не дабіваў, проста ўцякалі ў розныя бакі і ўсё. Здараліся часам і калецтвы, але гэта часцей за ўсё адбывалася, калі, скажам, маглі напасці трох на аднаго, ці нешта падобнае, а калі групоўка ішла на групоўку, то абыходзіліся сінякамі…

 

Бойкі — наступства галечы

 

Урэшце задаю пытанне — дзеля чаго вяліся гэтыя бойкі? Спадар Юры ўсміхаецца і кажа, што цяпер з аднаго боку нібыта і лёгка пра гэта казаць, але зразумець карані з’явы ўсё ж даволі складана. Праўда, ён звяртае ўвагу на тое, што бойкі не ўзнікалі па нацыянальнай прыналежнасці.

 

— Думаю, што ўсе мы тады даказвалі адзін аднаму, што ты нешта можаш. Тады існавала нейкая хуліганская рамантыка, спявалі песні зэкаўскія пад гітару, з заміраннем сэрца слухалі аповеды тых, хто быў у вязьніцы. І ўсё гэта было модна, бо і дзяўчаты на цябе інакш глядзелі, калі ты некага пабіў. Як на мой погляд дык усё гэта было наступствам постваеннай галечы, у якой тады яшчэ жылі людзі. Людзі сапраўды жылі цяжка, многія мае аднакласнікі хадзілі і папросту кралі харчы, бо былі галодныя. А ўжо пазней з’явіліся доўгія валасы, нагавіцы клёш, з’явіўся нейкі новы пратэст. Цяпер гэтага нічога няма і хуліганскай рамантыкі не засталося.