Стартуе дабрачынная акцыя “Навагодні цуд”: дзеці просяць у Дзеда Мароза куртку, чаравікі і нават шкарпэткі
Акцыя стартуе ў суботу, 19 снежня, і будзе праводзіцца на працягу пяці дзён. Штодня з 11.00 да 19.00 у Гандлёвым доме “Нёман”, гандлёвы цэнтрф Old City і гіпермаркеце “Алмі” можна будзе купіць і ахвяраваць патрэбныя дзецям рэчы, а таксама зрабіць ім салодкі падарунак.
Ладзіць акцыю Гродзенскае дабрачыннае таварыства. Яно атрымлівае “лісты Дзеду Марозу” ад дзяцей праз школьных настаўнікаў. Тыя кажуць малым, што аддадзены ім ліст абавязкова дойдзе да белабародага чараўніка, а насамрэч перадаюць іх у таварыства.
– Колькасць лістоў, дасланых таварыству, ужо максімальная, больш за 100. Што пішуць дзеці? Адны просяць настольныя гульні, мяккія цацкі, казкі і энцыклапедыі, а ёсць лісты, дзе дзеці просяць вопратку, – расказвае арганізатарка акцыі, дырэктар Гродзенскага дабрачыннага таварыства Антаніна Місюкевіч.
Пры гэтым дзеці просяць не толькі куртку, чаравікі, шапку ці пальчаткі, а нават звычайныя шкарпэткі! Такіх лістоў нямала – больш за 20. Пішуць дзеці і пра свае добрыя ўчынкі і дасягненні: як дапамагаюць бацькам, даглядаюць малодшых братоў і сясцёр, выдатна вучацца, якія таленты маюць.
– Месца маёй працы змяняецца, але нязменнымі застаюцца акцыі ў падтрымку дзяцей. Я ведаю дакладна, што дапамога людзям – асноўная задача майго жыццёвага шляху, – кажа Антаніна.
Фінальнай падзеяй дабрачыннай акцыі стане арганізаваны адмыслова для дзяцей-сiрот “Навагодні паказ”, якi адбудзецца 10 студзеня 2016 года ў агратурыстычным комплексе “Каробчыцы”.
– У любой казцы дабро перамагае зло, таму і мы разам з дзеткамі, пераадолеўшы конкурсы, здолеем выратаваць Дзеда Мароза. Дзяцей у Каробчыцы мы даставім на загадзя замоўленым транспарце: пакуль што мы заказалі чатыры аўтобусы агулам на 163 месцы.
Таксама з 24 снежня па 20 студзеня прадстаўнікі дабрачыннага таварыства з валанцёрамі наведаюць дзіцячыя дамы горада і раёна, каб уручыць дзецям падарункі. Плануецца наведаць мінімум тры дзіцячыя дамы.