“Залаты” топ-12 пажаданняў на новы год: што студэнты Універсітэту Залатога Веку зычаць гарадзенцам

1. Усміхайцеся, спадарства!


Таццяна Халенкова на каляднай вечарыне прадстаўляла Зіму. Мне асабіста адразу стала зразумела, чаму на вуліцы няма снегу – яна растапіла яго сваёй цеплынёй і абаяльнасцю. “Усміхайцеся, спадарства!” – жадае Таццяна. Яна лічыць, што не варта думаць толькі пра “першы паверх”, дзе зараз можа не ўсё добра. Трэба не залежаць ад крамаў і коштаў, а расці над сабою, дабудоўваць “другі паверх і трэці”. Тады ўсім будзе весела і добра.

 

2. Жадаю ўсім дабрыні і людскасці

 

Па словах Дануты Макей, дабрыня і людскасць гэта найвялікшыя з магчымых дасягненняў, да якіх трэба імкнуцца. “Калі ўсе будуць дабрэйшымі, то і кіраўніцтва будзе дабрэйшым, – кажа яна. – І не будзе на зямлі ні вайны, ні цяжбы”.

 

Гледачы ў залі цёпла віталі сваіх сяброў выступоўцаў і самі ахвотна выходілі на сцэну – чытаць вершы, спяваць і танцаваць


3.  Грошы – зарабляць, на праблемы напляваць!

 

Менш праблем і больш грошай зычыць гарадзенцам Андрэй Пячынін. Таксама ён жадае, каб усе гарадзенцы жылі ў каханні. На пытанне, дзе браць грошы і як быць з праблемамі, ён адразу даў адказ: “Грошы – зарабляць, а на праблемы напляваць!” Але пра тое, дзе ў Гродне сустрэць каханне, адназначнага адказу не ведае нават ён. “Гэта як Бог дасць, дзе пападзецца там і кахаць”, – раіць Андрэй.

 

4. Душэўнага спакою і ўзаемнай павагі

 

Такія пажаданні гарадзенцам дасылае Тамара Эльяшэвіч. Перажыць складаны час, лічыць Тамара, лягчэй, калі побач ёсць сапраўдны сябар – адкрыты і шчыры. А яшчэ – самім стаць такімі, тады кепскае да вас “не прылепіцца”.

 

Скрыпка і акардэон здольны ўпрыгожыць музыкай любую імпрэзу. Асабліва, калі на іх граюць таленавітыя майстры

 

5. Думаць пра тых, хто побач

 

Здароўя і дабрабыту ў сем’ях зычыць гарадзенцам Ларыса Кіркевіч. Яна лічыць, што калі ў кожнай сям’і будзе панаваць мір і дабрабыт, то і за межамі сям’і ўсім будзе добра жыць. Каб спраўдзілася гэта пажаданне, яна раіць не забываць думаць пра тых, хто побач, шанаваць і любіць сваіх блізкіх і сяброў.

 

6. Стаць больш еўрапейцамі


Людміла Стасевіч зычыць жыхарам горада стаць больш еўрапейцамі не толькі геаграфічна, але і па духу – імкнуцца да ведаў, больш цікавіцца культурай і гісторыяй. Тады, на думку Людмілы, і тое, што робіць горад еўрапейскім знешне, таксама зменіцца, бо знешнія перамены ў горадзе заўсёды адлюстроўваюць унутраны стан яго жыхароў.

 

Калядныныя строі – даўнішнія і сучасныя, сведчаць, што да святаў студэнткі УЗВ рыхтаваліся сур’ёзна

 

7. Каб хацелася, маглося і добра жылося!

 

Такое кароткае, але ёмкае пажаданне перадае гарадзенцам Тамара Гарбуленка. А ў дадатак да гэтага яна зычыць усім любові і кахання (ці  аморэ – на выбар).

 

8. Захаваць у сваёй душы дзіця


Вера Кунцэвіч жадае гарадзенцам таго, хто хацела б і для сябе – быць здаровымі і шчаслівымі. А шчасце, на яе думку, складаецца з маленькіх радасцяў жыцця і ўмення іх заўважаць. “Расінка на травінцы, павучок на галінцы – спыніся, паглядзі – вось яна, радасць”, – кажа Вера. – Калі сабраць гэтыя маленькія радасці, то атрымаецца вялікі букет, што зробіць шчаслівым і цябе самога, і тых, хто побач”. Каб так ставіцца да жыцця, лічыць Вера, трэба захоўваць і песціць дзіця ў сваёй душы, бо менавіта дзецям уласціва такое стаўленне да свету – уменне здзіўляцца, захапляцца і радавацца дробязям.

 

На вечарыне высветлілася, што Вера Кунцэвіч, стваральніца і нязменная кіраўнічка хора “Узвышша”, ведае творчасць кампазітара Яўгена Петрашэвіча лепш за самога аўтара. У вобразах калядоўшчыкаў музыканты наведалі вечарыну – гралі і спявалі разам са сталымі студэнтамі

 

9. Сябраваць з дзецьмі


Уладзімір Шонец зычыць гарадзенцам бясхмарнага блакітнага неба і веснавога цяпла не толькі звонку, але і ў сямейным жыцці. Ён раіць, каб бацькі ў клопатах пра работу не страчвалі цікаўнасць да сваіх дзяцей і сталі для іх самымі лепшымі і надзейнымі сябрамі. “Бацькі старэйшыя, і мусяць быць разумнейшымі, шукаць падыходы да дзяцей, старацца іх зразумець. Дзеці абавязкова адкажуць на шчырасць”. Меркаваннем Уладзіміра, лад паміж бацькамі і дзецьмі – аснова агульнага і сямейнага шчасця, якога ён і зычыць гарадзенцам.

 

10. Цаніць кожны дзень – і той што мінуў, і той што настаў


Таццяна Таранка жадае гарадзенцам дабрабыту і душэўнага камфорту. Рэцэптам для атрымання такога стану Таццяна лічыць уменне цаніць кожны дзень жыцця, бо вельмі многае залежыць ад унутранага настрою. Таму трэба вучыцца ўспрымаць свет пазітыўна: нават калі нешта здаецца кепскім, трэба ўмець паглядзець на сітуацыю з іншага боку, знайсці ў ёй станоўчыя рысы. Бо любую сітуацыю можна змяніць – калі сёння кепска, заўтра можна зрабіць лепш.

 

Калі ў дзяцінстве падарункі прыносіў толькі Дзед Мароз, то ў сталым веку варта вярнуцца ў дзяцінства, каб атрымаць падарунак і ад Святога Мікалая. Нават, калі дзяцінства было піянерскім, гэта не зашкодзіць

 

11. Умець абараніць жанчын і дзяцей


Уладзімір Волкаў адрасуе свае пажаданні мужчынскай палове гараджан. У той складаны час, што выпаў на наш век, мужчынам трэба быць моцнымі і мужнымі, каб і на ўсёй зямлі, і ў кожнай сям’і захаваць мір і стварыць дабрабыт. Гарадзенскім мужчынам ён зычыць сілы і дабрыні.

 

Цыганка Аза пэўная, што ўсе яе пажаданні гарадзенцам абавязкова спраўдзяцца, трэба толькі настойліва ісці да сваёй мэты і не спыняцца перад цяжкасцямі. Карты праўду гавораць, не інакш!

 

12.  Толькі пазітыўных перамен!

 

Сапраўдным экспертам ў пажаданнях аказася цыганка Аза, у якую ў час каляднай вечарыны ператварылася Зоя Гой. Раскінуўшы адмысловыя “залатыя і срэбныя” карты, яна “прачытала” пажаданні-прадказанні для гарадзенцаў. Ад першай карты стала ясна, што ў наступным годзе нас чакае многа прыемных неспадзянак і поспех ва ўсіх справах.

 

Перамены ў жыцці будуць толькі пазітыўнымі: “Бачыце – гадзіннік на карце залаты, – працягвала цыганка, – а дабрабыт і багацце абавязкова прыйдзе да тых, хто настойліва імкнецца да сваіх мэтаў”. Так яна расшыфравана выяву вожыка з яблыкамі на іголках на наступнай карце.

 

Таксама гадалка паабяцала гарадзенцам атрыманне новых ведаў і адпачынак на дзівосных выспах. А падарункам лёсу ў наступным годзе стане для кожнага гарадзенца новае сяброўства ці каханне, якое трэба берагчы, бо да такіх падарункаў трэба ставіцца паважна.

 

Усе студэнты і студэнткі Універсітэту Залатога Веку зычаць гарадзенцам сустрэць Каляды і Новы год у такой цёплай кампаніі, як і яны.

 

Праграма “Універсітэт Залатога Веку” ў Гродне працуе дзеля павышэння якасці жыцця сталых людзей (ад 55 год) праз іх інтэлектуальную, фізічную і сацыяльную актывізацыю. “Універсітэт Залатога Веку” – гэта цікавыя сустрэчы з цікавымі людзьмі, магчымасць навучыцца таму, на што раней не хапала часу, развівацца інтэлектуальна, фізічна і духоўна, быць карыснымі іншым людзям.

 

Фота Ірыны Новік


 Праект “Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз адукацыю, актывізацыю і валанцёрскую дапамогу” рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” і прафінансаваны Фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” (EVZ) у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”. Арганізатар праграмы ў Беларусі – міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне”.

Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне фонда EVZ. Адказнасць за змест нясе аўтар/нясуць аўтары.