На навагоднім забегу ў Гродне сярод 200 спартсменаў было толькі 20 Дзядоў Марозаў і Снягурак
Для тых хто прыйшоў на старт у навагодніх касцюмах, дыстанцыя была ўсяго адзін круг. Такіх аказалася толькі 20 чалавек, палова з якіх – спартсмены.
Ангеліна, трохразовая чэмпіёнка Беларусі, упершыню вырашыла паспрабаваць свае сілы ў навагоднім забегу:
– Я рыхтавалася да гэтага мерапрыемства і зрабіла спецыяльны касцюм Снягуркі. Прыйшла сюды, бо хацелася навагодняга настрою. Канкурэнтаў у касцюмах, на жаль, мала.
У выніку спартсменка-Снягурка ў забегу на кароткую дыстанцыю стала першай і атрымала медаль і маленькі Кубак.
Для астатніх спартсменаў дыстанцыя складала чатыры кіламетры. Прыняць удзел у гэтым нялёгкiм забегу маглі ўсе жадаючыя ад малога да вялікага. Самаму малодшаму было ўсяго два гады, а самому старэйшаму пайшоў ужо 82 год.
Леанід Калодка за сваё жыццё прабег ужо больш за 57 тысяч кіламетраў.
– Хоць я жыву ў Жодзіна, але ўсе забегі ў Гродзенскай вобласці стараюся наведваць, бо сам з гэтых краёў. Для мяне галоўнае ўдзел. Бо здаровы лад жыцця падаўжае жыццё.
Навагодні забег у Гродне прайшоў ужо ў сёмы раз. У гэтым годзе прыехаў толькі адзін замежнік – спартсмен з Беластока.
– У Беларусі бягу першы раз. Адзначу, што арганізацыя ў вас на вельмі высокім узроўні. Прыехаў, бо сябруем з вашым гарадзенскім клубам “Run4Fun”. Вядома, хацелася б бачыць больш сваіх суайчыннікаў на такіх забегах, але шмат бюракратычнай працы звязана з візамі. Для спартсменаў гэта і час, і фінансы. Дзеля аднаго забегу мала хто аддасць 35 еўра. Але я не шкадую, што прыехаў. Для мяне галоўнае не перамога, а ўдзел, – распавёў Ярэк Хадэнiцкi.
Ярэк (справа) з гарадзенскiм cябрам Анатолем
Пераможцам вялікага навагодняга забегу стаў Арцём Логiш, уласна ён быў пераможцам і леташняй дыстанцыі.
– Нядрэнная падрыхтоўка да будучага сезону. У гэтым годзе лягчэй было бегчы з-за надвор’я. Настрой добры, усе спартсмены малайцы – склалі мне годную канкурэнцыю ў гэтым годзе.
Арцём у чырвоным касцюме