Фальварак Станіславова – ідэальнае месца для музею сельгастэхнікі ў Гродне?

Гісторыю з няспраўджаным музеем сельскагаспадарчай тэхнікі, які меў паўстаць у ваколіцах Каробчыцаў, ведае ці не кожны гарадзенец. З такой ініцыятывай у свой час выступіў колішні старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра. Пад гэтую задумку ў Старым замку нават пачалі збіраць экспанаты, якія дагэтуль мокнуць пад дажджом на двары: старыя сячкарні, малатарні і г.д.

 

Пасля пераезду Сямёна Барысавіча ў Мінск ініцыятыва заглохла, але цалкам не знікла з далягляду: у планах гарадскіх чыноўнікаў стварэнне музею сельгастэхнікі часам усплывае.

 

“Татальная музеефікацыя”. ТОП-10 музеяў-фантомаў Гродна

 

Але ці голае поле пад Каробчыцамі – аптымальнае месца? Што, калі звярнуць увагу на куды бліжэйшы фальварак у Станіславове, збудаваны пры рэзідэнцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага?

 

Давайце па пунктах:

 

1. Станіславова знаходзіцца амаль у цэнтры горада, на адлегласці пешай экскурсіі, якая можа сюды прыйсці з Гарадніцы ці ад лютэранскай кірхі. Да Каробчыцаў – трэба было б ехаць, прычым немалую адлегласць.

 

2. У адрозненні ад “голага поля” ў Каробчыцах, фальварак у Станіславове гэта закрыты П-падобны комплекс у адносна неблагім стане. То бок, будынкі варта давесці да ладу і выкарыстоўваць, нічога будаваць з нуля не трэба.

 

 

3. Будынкі ў Станіславове – самі па сабе “музейныя экспанаты”. Да помнікаў залічаны ўвесь комплекс – палац, два флігелі, фальваркавыя камяніцы: стайні, сховішчы і г.д. Таму стварэнне ў фальварку музея – гэта не толькі заснаванне музея само па сабе, але і рэканструкцыя яшчэ аднаго вартага помніка ў горадзе.

 

4. “Каралеўскі фальварак” – куды цікавейшы брэнд, чым “Музей сельскагаспадарчай тэхнікі Гродзенскай вобласці”. Іншая справа, што экспанаты ў ім могуць быць з абсалютна розных эпохаў.

 

 

5. Юрыдычных калізій з уласнасцю ў Станіславове няма. Фальваркавыя будынкі дзеляць паміж сабой СПК “Путрышкі” ды Аграрны ўніверсітэт. Адзін дамок здаецца прыватніку. Агулам усё гэта дзяржаўная ўласнасць, нікога нікуды не трэба адсяляць ці даваць кватэры, як гэта часам бывае з рэканструкцыяй гістарычных помнікаў. А прыбраць іржавы “аўтамагільнік”, каля якога студэнты штораніцы ходзяць на пары – добрая справа сама па сабе.

 

 

Таму, калі ў нейкага чыноўніка ўсё ж з’явіцца сур’ёзнае жаданне заняцца музеем сельгастэхнікі, ведайце, што ідэальнае месца для яго ёсць – зусім побач!

 


 

Фота Вольгі Мілавай