У Беластоку пераглядалі рашэнне суда па справе, звязанай са смерцю чатырох жыхароў Гарадзеншчыны
Следства доўжылася некалькі год і прыйшло да высновы, што ў аварыі вінаватыя кіроўца грузавіка, а таксама кіроўца першага з двух беларускіх бусаў, які здзейсніў перад трагедыяй небяспечны абгон у месцы, дзе гэта было забаронена.
У чэрвені бягучага года суд у Беластоку прысудзіў паляку 5 год пазбаўлення волі, а беларуса вызваліў ад адказнасці.
Як паведамляюць wiadomosci.onet.pl, прысуд абскардзіў адвакат польскага кіроўцы.
У сваім выступе ў апеляцыйным судзе, які праходзіў 21 снежня ў Беластоку, адвакат апеляваў да прызнанняў беларускага кіроўца ў тым, што ён здзейсніў небяспечны абгон.
Прызнанне было зроблена яшчэ тады, калі беларус праходзіў у справе як сведка. Калі ж яму выставілі абвінавачванні, то ён змяніў свае паказанні.
У сувязі з гэтым юрыст прасіў суд накіраваць справу на новае расследаванне.
Апеляцыйны суд, аднак, пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі правамоцным, падцвердзіўшы, што галоўнай прычынай аварыі сталі неасцярожныя дзеянні польскага кіроўцы. Тэрмін яго зняволення не быў скарочаны.