Танцавалі, спявалі і калядавалі па-беларуску: на “Мова Нанова Гародня” адзначылі святы і сышлі на канікулы

|

Першымі на ялінку прышлі ўдзельнікі дзіцячых курсаў – дарослае святкаванне мела пачацца пасля заканчэння дзіцячага свята. Але дзеці так разышліся, што большасць з іх засталіся працягваць святкаваць “па-даросламу”. Такім “цудоўным міксам”, як назвала гэту кампанію вядоўца курсаў Эмілія Комар, і працягвалі святкаванне.

 

Найперш вядоўцы ўзгадалі “выдатнікаў курсаў” – адзнакі за ініцыятыўнасць і неабыякавасць атрымалі Яўген Чучва і Уладзімір Пруднікаў, а “лепшым тандэмам” названы Святлана Самойленка і Наталля Пушкова.

 

Як высветлілася, творчасць мовананоўцаў не абмяжоўваецца толькі моўнай практыкай. Фірмовы шарык на елцы і “імянны” торт на святочным стале таксама былі зроблены рукамі навучэнцаў.

 

Музычныя госці сустрэчы з гурта Vuraj спявалі разам з гаспадарамі калядкі і нават разыгралі касцюмаванае прадстаўленне з казой, чортам, цыганкай, мядзьведзем і механошам.

 

Разыходзіцца пасля спаткання не хацелася і дарослым. Вера Кунцэвіч і Лана Руднік на развітанне заспявалі для Сяржука Доўгушава з Vuraj калядкі з гарадзенскімі варыяцыямі.

 

Зараз удзельнікаў курсаў чакаюць зімовыя канікулы, пасля якіх заняткі адновяцца.

 

 

Даведацца пра дзейнасць курсаў і магчымасці далучыцца да суполкі можна на старонцы “Мова нанова Гародня”.

 


 

Фота Ірыны Новік і  Эміліі Комар