Моцны вецер ламаў дрэвы ў Гродне і вобласці
У Гродне 22 снежня ў 14.40 ад жанчыны, якая стала відавочцам здарэння, паступіла паведамленне пра падзенне дрэва на машыны. Калі да месца выкліку прыбылі ратавальнікі, высветлілася, што на вуліцы Урублеўскага дрэва ўпала на два прыпаркаваныя пад ім аўтамабілі. У выніку былі пашкоджаныя элементы кузава і пакрыццё аўтамабіляў BMW i Toyota. Ратавальнікі распіліавалі дрэва.
Праз некалькі гадзін паступіла паведамленне з вёскі Пыра Гродзенскага раёна. Там з-за парыву ветру дрэва ўпала на праезную частку. Работнікі МНС вызвалілі дарогу.
У той жа дзень у Свіслацкім раёне зза падзення дрэва дзевяць вёсак засталіся на дзве гадзіны без электрычнасці.
Яшчэ 21 снежня па ўсёй краіне было абвешчана штармавое папярэджанне. Парывы моцнага ветру даходзілі да 20 м/с. У бліжэйшыя дні вецер крыху супакоіцца, але таксама магчымыя парывы месцамі яшчэ мацней папярэдніх дзён.
З-за штармавога папярэджання МНС выпусціў шэраг рэкамендацый для насельніцтва пры моцным ветры:
– Прыбярыце гаспадарчыя рэчы з двара і балконаў у дом (склеп).
– Машыну пастаўце ў гараж, пры адсутнасці гаража машыну варта паркаваць удалечыні ад дрэў, а таксама слаба ўмацаваных канструкцый.
– Знаходзячыся на вуліцы, абыходзіце хісткія будынкі і дамы з няўстойлівым дахам.
– Пазбягайце дрэў і разнастайных збудаванняў павышанай рызыкі (мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадач, патэнцыйна небяспечных прамысловых аб’ектаў).
На здымку частка дрэва, якая ўпала на вуліцы Ціміразева.