“Ён замацоўвае нашу Бацькаўшчыну ў вечнасці”. Мастак Юрый Якавенка адзначыў юбілей адкрыццём выставы

|

На імпрэзе ад пачатку адчувалася, што Юрый Якавенка не толькі “ганаровы” грамадзянін Гродна, але і сапраўды гарадзенскі чалавек. І поўная зала гасцей, і падзякі выступоўцаў да гарадзенскай зямлі, што дала такую асобу, пра тое сведчылі.

“Мастак не можа не быць асобай, – зазначыў у сваёй прамове Рыгор Сітніца, старшыня Саюза мастакоў Беларусі, – але Юрыю Якавенку пашчасціла стаць яшчэ і персанажам нацыянальнай гісторыі. Ён у гісторыю ўваходзіць і сваёй творчасцю замацоўвае нашу Бацькаўшчыну ў вечнасці”. На яго думку, менавіта па мастацкіх творах нашчадкі вызначаюць нацыі і дзяржавы. У творы Юрыя Якавенкі беларусы шляхетныя і адначасова нацыянальныя – і такое бачанне нацыі пойдзе ў вякі.

 

Шмат цёплых словаў пра талент аўтара дапоўніла і адзнака яго несамавітай працаздольнасці. Пра тое, што акенцы яго майстэрні асвятляюцца раніцай першымі і гаснуць увечары апошнімі ўспомнілі і Мікалай Бандарчук, старшыня гарадзенскага аддзялення саюза мастакоў, і Аляксандр Ласмінскі, дырэктар канала “Гродна Плюс”. Бандарчук зазначыў, што мастаком Якавенкам насамрэч можа ганарыцца не толькі Гродна, але і ўся Беларусь, а Ласмінскі нават назваў час, у якім мы жывем, “эпохай Якавенкі”, бо аўтар варты таго, каб па ім вызначаць час.

Шмат словаў захаплення да майстэрства і філіграннай тэхнікі выканання прагучала на імпрэзе: успаміналі і пра талент, дадзены ад Бога, і пра неабходнасць адпрацаваць і спраўдзіць тыя перспектывы. Талент Юрыя называлі “спраўджаным у творчасці і добрых вучнях” і менавіта гэту гатоўнасць да самаадданай працы называлі ўмовай да далейшай творчай рэалізацыі.

 

Заслужаны мастак Уладзімір Савіч, выкладчык Акадэміі мастацтваў, распавёў, што для яго гонар мець такого геніяльнага вучня – чалавека, што ў сваёй творчасці ўвасабляе годнасць нацыі. На яго думку, святкаванне юбілея мастака і ўласна яго творчасць – падзеі далёка не гарадзенскага масштаба, а “беларускага, еўрапейскага і нават сусветнага”.

 

 
 
 
Фота аўтаркі