Беларуская мова пашыраецца ў гарадзенскім футболе і пачынае пранікаць у хакей
Вынік добры, бо ў мінулым сезоне “Нёман” сур’ёзна папрацаваў над выкарыстаннем беларускай мовы ў клубе. У першую чаргу рэйтынг каманды падняўся з-за выкарыстання мовы ў сацыяльных сетках і на табло стадыёна. Таксама ў сярэдзiне сезону на стадыёне новы дыктар стаў выкарыстоўваць беларускую мову. Футбольныя фанаты таксама адзначыліся на працягу сезону беларускамоўнымi банэрамі і зарадамі
Калі ж футбольны “Нёман” сур’ёзна працуе з выкарыстаннем беларускай мовы ў клубе, то яго хакейны цёзка ў рэйтынг блогера нават не патрапіў. Як піша Ігар Случак, гарадзенская каманда не выкарыстоўвае белаурскую мову зусiм.
Магчыма, блогер мае рацыю. Але ёсць людзі, набліжаныя да хакейнай каманды, якія зацікаўлены ў пашырэнні беларускай мовы. Мы пагутарылі з Сяргеем, асноўным чалавекам у фан-руху хакейнага “Нёмана”. Ён расказаў, што фан-клуб стараецца максімальна выкарыстоўваць родную мову, а таксама фанаты дамаглiся таго, каб напісаную імі песню, якая стала своеасаблівым гімнам “Нёмана” на роднай мове, уключаюць на кожным матчы. І гэта ўжо вялікі плюс – пачатак пакладзены.
– У будучыні наш фан-сектар будзе ўсяляк прасоўваць родную мову ў масы. Мы ўжо зрабілі вялікую працу: на хакейны турнір памяці Руслана Салея ў Мінску вырабілі банэр на роднай мове, зараджалі таксама на ёй. Зладзілі невялікі перфоманс на паўфінальным матчы з “Металургам” у Гродне. Гарадзенскi рок-гурт “Точка невозврата” запісаў песню з нашымі словамі, словы да якой, нашых рук справа.
Акрамя таго, на матчы Лігі Чэмпіёнаў”, дзе “Нёман” сустракаўся з нямецкім “Адлерам”, быў выкананы перфоманс – разгорнута палотнішча ў 63 кв.м. з выявай кашталяна Давыда Гарадзенскага і надпісам, якi заклікаў працягваць яго перамогі.
Фанатам спатрэбілася шмат часу і сіл, каб зрабіць банэр
У планах на будучыню ў фанатаў далейгае прасоўванне беларускай мовы.
Беларуская мова – мова нашых слаўных продкаў, якіх мы шануем, вялікімі справамі якіх мы захапляемся. Гэтую мову яны пранеслі праз стагоддзі. У наступным сезоне мы прадставім новую банэрную лінію па-беларуску, – кажа Сяргей.