Калядны кірмаш у новым Цэнтры рамёстваў не стаў канкурэнтам гандлю на вуліцы Савецкай

|

Кірмаш праходзіў два дні 23 і 24 снежня. У першы дзень сувеніры, аксэсуары, упрыгожванні з гліны, скуры, лямца, тканіны, паперы, саломы і іншых матэрыялаў прадставілі 16 майстроў. На другі дзень усё змянілася: амаль усе сышлі ў цэнтр горада на шматлюдную вуліцу Савецкую. Майстроў можна зразумець – продажы там будуць значна вышэй. Але для чаго ствараўся кiрмаш?

 

Многія абяцалі вярнуцца бліжэй вечара, але пасля абеду на кірмашы прысутнічалі толькі два майстры: адзін мастак і адзін майстар па вырабе сувеніраў з саломы.


– На кірмашы я не толькі прадстаўляю свае працы, але таксама праводжу майстар-класы для ўсіх жадаючых. У першы дзень прыходзілі і малявалі. Сёння яшчэ пакуль нікога няма. Адмыслова для гараджан мы падрыхтавалі сапраўдныя акцыі і зніжкі. Напрыклад, карціны ў мяне можна набыць па дамоўнай цане, – распавёў мастак Сяргей Еўдакiмаў.

 

У суседнім будынку размясцілася Валянціна Цыганец, якая на кірмашы прадстаўляе саломапляценне.

 


– Робім і прадаем кошыкi і сувеніры з саломы. Вялікім попытам карыстаюцца навагоднія ёлачныя цацкi. Гэта не новае, а добра забытае старое, якое сёння стала папулярна. Лепш павесіць прыгожую цацку з родных палёў, чым кітайскую. Таксама праводзім майстар-класы.


Папулярныя навагоднія цацкі на ёлку каштуюць 10 тысяч рублёў

 

Цэнтр рамёстваў пачаў працу ў маі 2015 года, але да гэтага часу там няма начальства. Майстры лічаць, што калі б там быў дырэктар, справы ішлі куды лепш. А так атрымліваецца, як і раней, “кожны сам па сабе”. Рэкламы мала і многія людзі нават не ведаюць, што на Рэйманта адбываецца кірмаш.

 

Прадстаўнік Цэнтра культуры Гродна Алена Курганава, адна з арганізатараў кірмашу, лічыць, што для гараджан і майстроў у Цэнтры рамёстваў створаны ўсе ўмовы.


– Запрашалі журналістаў і пісалі ўсім. Вядома, хочацца каб людзі прыходзілі не толькі на Савецкую за народнымі сувенірамі, але і да нас на Рэйманта. Бо ў нас усё для гэтага ёсць: новы будынак і ўтульная абстаноўка. Спадзяемся, што бліжэй да канца месяца да нас усё ж падцягнуцца людзі.

 

Кірмаш будзе працаваць таксама 29 і 30 снежня і 6 студзеня з 14.00 да 19.00 у Цэнтры рамёстваў “Спадчына” па вул. Рэйманта, 12.