“Нёман” біўся, але атрымаў чацвёртае паражэнне запар

|

Патроху гульня пачынае вяртацца да гарадзенскай каманды. Гульцы, якія яшчэ нядаўна былі ў лазарэце, вяртаюцца на лёд. Так, лінію абароны ў матчы з “Юнацтвам” істотна ўзмацніў Сэман.

 

Пасля трох запар буйных паражэнняў у чэмпіянаце Беларусі чырвона-чорным абавязкова патрэбна была перамога, каб вярнуць падтрымку заўзятараў. Матч паміж супернікамі абяцаў быць цікавым.

 

Пачатак гульні застаўся за мінскай камандай, але вось прабіць Саманькова ім ніяк не ўдавалася. Гарадзенцы не збіраліся адсіджвацца ў абароне і таксама часцяком пагражалі варотам гасцей. Адна такая атака скончылася ўдала. На 16-й хвіліне пасля праходу Лісічкіна шайба апынулася ў Казнадзея, той свайго шанцу не выпусціў і вывеў гарадзенцаў наперад. Неўзабаве яшчэ адна шайба пабывала ў варотах прыезджай каманды. Вось толькі пасля світка суддзі. Заўзятары доўга абмяркоўвалі гэты эпізод на трыбунах і ніяк не маглі пагадзіцца з меркаваннем галоўнага арбітра.

Напружанне ў матчы было з першай і да апошняй хвіліны

 

Другая дваццаціхвілінка засталася за мінчанамі, хоць і гарадзенцы выглядалі не горш за суперніка. Але ў гэтым перыядзе галоўную ролю адыграла прапушчаная шайба. Корса на 26-й хвіліне, пасля ўдалай атакі, толькі з чацвёртага разу здолеў прабіць Саманькова. Некалькі разоў чырвона-чорныя мелі шанцы выйсці наперад, але галкіпер гасцей упэўнена правёў складаны адрэзак і забяспечыў сваёй камандзе магчымасць сысці пры роўным лiку на перапынак.

Трэці і вырашальны перыяд прайшоў у роўнай барацьбе. Спачатку вызначыліся госці, шайбай адзначыўся Радзінскі. Праз дзве хвіліны Лісічкін вярнуў інтрыгу ў матч. Але вырашальны кідок у асноўны час матчу апынуўся на рахунку “Юнацтва”. Вадзім Яроха паставіў кропку ў матчы на ​​53-й хвіліне. За паўтары хвіліны да канца матчу Мілаш Голань спрабаваў выратаваць сваю каманду ад паражэння, зняўшы Саманькова і выпусціўшы шостага форварда на лёд, але гэта не дапамагло.

Хоць “Нёман” і прайграў, заўзятары засталіся пасля матчу і падзякавалі камандзе за праяўлены характар. Нагадаем, гэта ўжо чацвёртае запар паражэнне гарадзенцаў.


“Нёман” – “Юнацтва” 2:3 (1:0, 0:1, 1:2)

 

Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Мілаш Голань пракаментаваў гульню сваёй дружыны:


– У мяне няма прэтэнзій да каманды. Змагаліся, біліся ад пачатку і да канца матчу. У некаторых момантах мы былі лепш “Юнацтва”, але ў гэтыя моманты мы не забілі. Гэта хакей, у гэтым сезоне мы яшчэ не выйгравалі ў мінскай каманды. Не хапіла поспеху ў канцы. Віншую заўзятараў са святамі, дзякуем, што іх шмат прыйшло, падтрымлівалі каманду да канца. Сёння нам не ўдалося выйграць, хоць мы вельмі-вельмі хацелі.

 

У суботу 26 снежня “Нёман” правядзе яшчэ адзін складаны паядынак. У Гродне каманда Мілаша Голаня будзе прымаць ХК “Гомель”.