Адзін паспяшаўся, другі двойчы ўпаў на нож. У навагоднюю ноч 28 гарадзенцаў звярнуліся ў дзяжурны шпіталь

|

Часцей за ўсё за экстранай дапамогай у святочныя дні ці ночы звяртаюцца з нагоды выпадкаў, што патрабуюць хірургічнага ўмяшальніцтва. Здараецца і так, што прычына звяртання да медыкаў у святы выклікана тым, што, як кажуць, “дацягнулі”. Быў такі выпадак і сёняшняй ноччу – нагнаенне, высокая тэмпература – патрэбна дапамога хірурга. Але зразумела, што калі б пацыент звярнуўся раней, у планавым парадку, то навагоднюю ноч мог бы правесці дома, а не ў шпіталі.

 

Адметнаю рысай святочных дзяжурстаў суспрацоўнікі бальніцы называюць тое, што больш чым звычайна пацыентаў паступае ў стане алкагольнага ап’янення. Мінакі ці міліцыя заўсёды выклікаюць “хуткую”, калі бачаць п’янага на вуліцы. Некаторых нецвярозых пацыентаў гэтай ноччу пакінулі ў шпіталі, іншыя, атрымаўшы небходную дапамогу, змаглі вярнуцца да хаты.

 

Часта на святы, што адзначаюцца з вялікай колькасцю алкаголю, лекарам  прыходзіцца разбірацца  з наступствамі  п’яных высвятленняў адносін з сабою ці іншымі. Вось і гэтай ноччу адзін з пацыентаў паступіў у шпіталь з двума нажавымі раненнямі, паведаміўшы, што сам двойчы ўпаў на нож. Іншага прывезлі ў стане пасля павешання і, аказаўшы дапамогу, скіравалі ў псіхіятрычную клініку.

 

Частка навагодніх траўмаў такія ж, як у звычайныя дні – пераломы ці вывіхі канечнасцяў. Большую іх колькасць у святы лекары тлумачаць тым, што людзі спяшаюцца, каб паспець скончыць сравы да пэўнага тэрміну. Вось праз гэту спешку траціцца часам кантроль над сітуацыяй.

 

Былі ў навагоднюю ноч і звароты да дзяжурнага гінеколага-акушэра, Людмілы Амбрушкевіч. Яна распавяла, што некалькі жанчын прыйшлі ў прыёмны пакой самастойна, некаторых прывезла хуткая. Былі выпадкі пагрозы перарывання цяжарнасці, выпадкі рэзкіх боляў у жываце і крывацёку. Лекарка паведаміла, што ўсе выпадкі зразумелыя, жанчынам аказалі дапамогу і зараз ўсе паспупіўшыя ў навагоднюю ноч жанчыны маюць “станоўчую дынаміку”.

 

Акушэр-гінеколаг Людміла Амбрушкевіч пачала Новы год на дзяжурстве. На пытанне пра тое, як у святочную ноч пазбегнуць візіта ў шпіталь на хуткай, яна адказвае, што найлепш заўсёды дапамагае прафілактыка і рэгулярнае назіранне ў свайго лекара

 

Хірург-камбустыёлаг Ірына Звонік працуе ў апёкавым аддзяленні бальніцы хуткай дапамогі, але ў навагоднюю ноч ёй выпала дзяжурства ў прыёмным. Яна недаўна працуе ў гэтым шпіталі – “перавялася з раёна”. Гэта  дзяжурства ў яе першае навагодняе на новым месцы. Кажа, што з нажавымі раненнемі працавала ўпершыню, астатнія выпадкі былі больш звыклымі. Незважаючы на цяжкасці прафесіі  і неабходнасць правесці гэту святочную ноч на працы, Ірына сцвярджае, што вельмі любіць сваю работу і радая, што даводзіцца працаваць у камандзе прафесіяналаў, якія вельмі сумленна і адказна ставяцца да сваіх абавязкаў.

 

Хірург Ірына Звонік  на сваім першым навагоднім дзяжурстве ў бальніцы хуткай дапамогі

 

У пытанні, як пасля свята з сытнай позняй вячэрай, алкаголем і бяссоннай ноччу лягчэй вярнуцца да жыцця, лекары гумару не бачаць. З аднаго боку, тлумачаць сваё сур’ёзнае стаўленне да “паслясвяточнага” стану тым, што лекаваць прыходзіцца без жартаў, з іншага – кажуць, што ўсе  ўсё ведаюць, але не заўсёды згодны паводзіць сябе згодна парадам.

 

Ірына Звонік кажа, што калі па святах чалавек адчувае абвастрэнне хранічных захворванняў ці рэзкае пагаршэнне стану, то неабходна звяртацца за дапамогай  у медычныя ўстановы. Калі ж цяжкі стан раніцай пасля свята выкліканы больш стомаю, то трэба выспацца, адпачыць  і як мага хутчэй вярнуцца да звычайнага, умеранага, ладу жыцця – не злоўжываць салёнай, вострай ці вэнджанай ежай, добра падумаць, ці варта ўжываць учорашнія салаты або пачынаць новы год з алкаголю.