130 гарадзенскіх фізкультурнікаў пачалі 2016 год прабегам цвярозасці (+відэа)

|

Сёлета колькасць удзельнікаў навагодняга забегу цвярозасці павялічылася больш чым удвая ў параўнанні з мінулым годам


Удзельнікі прабегу выглядаюць задаволенымі і па-святочнаму ўзрушанымі. Хаця зіма нарэшце наступіла і мароз шчыпае за вушы, яны жартуюць, што перастануць заўважаць холад праз пару крокаў, а пад канец дыстанцыі для іх настане гарачае лета.

 

Відэа: Алесь Дзянісаў

 

Сярод фізкультурнікаў можна было пабачыць і людзей у форменным адзенні. Імі аказаліся каардынатары пошука-выратаваўчага атрада “ЦэнтрСпас”: “Вельмі прыемна пачаць год з ранішняй прабежкі па марозцу, адчуць сябе здаровым і моцным. Адрэналін пульсуе, галава не баліць і ў добрай кампаніі весела”, – распавядае Аляксей Жоль. Сёлета ён з калегам Аляксандрам Пятровым упершыню далучыўся да прабега.

 

Падлеткі ў форме падобнай да вайсковай расказалі, што яны прадстаўляюць праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб “Славяне”, дзе фізічнай загартоўцы, баявым адзінаборствам і здароваму ладу жыцця надаецца вялікае значэнне. Кіраўнік клуба, Дзяніс Шаўчэнка, з’яўляецца адным з арганізатараў прабега. Разам з ім сёння прыйшло больш за 20 удзельнікаў клуба.

 

 

Пераможцы забегу акрамя памятных медалёў атрымалі падарункі – гульні, цацкі і салодкія пачастункі.

 

Пераможцы забега – Павел Машэй і Вікторыя Кушнір


Сярод жанчын пераможцаў аказалася чацвёра. Першай прайшла дыстанцыю ў 4,3 км Вікторыя Кушнір. Па выніках мінулагодніх спаборніцтваў у канры-кросе яна ўвайшла ў дзясятку лепшых бегуноў і ўпершыню сярод беларускіх спартсменаў увайшла ў склад зборнай Еўропы па гэтай дысцыпліне. Але высокія дасягненні не замінаюць ёй быць частай удзельніцай масавых фізкультурных мерапрыемстваў – дзяліцца сваёй энергіяй і натхняць землякоў на перамогі.

 

“Стылёвы бег” у Гродне: у Каложскім парку можна было пабегаць з Іванам Ціханам

 

Другое месца на жаночым п’едэстале гонару заняла Галіна Карнацэвіч, трэнерка Вікторыі, а ганаровую трэцюю ступеньку падзялілі Ганна Ступакевіч і Наталля Марозава.

 

З мужчын першым завяршыў дыстанцыю Павел Машэй, марафонец  са Скідзеля. На другім месцы аказаўся Іван Леонаў, а на трэцім – Андрэй Каранкевіч. Дарэчы, Андрэй зараз рыхтуецца да забегу ветэранаў, што хутка адбудзецца ў Мінску, і выкарыстаў прабег цвярозасці як адну з магчымасцяў трэніроўкі.

 

Беласток бяжыць, Гродна не адстае: нашы спартсмены скарылі п’едэстал Białystok Biega

 

Ганаровыя дыпломы забегу былі прадугледжаны для самага малодшага і самага старэйшага ўдзельніка. Аказалася, што абедзве ўзнагароды патрапілі ў адну сям’ю. Побач з бабуляй, найстарэйшай удзельніцай навагодняй акціі Лідзіяй Завіноўскай (65 год), прабегла ўсю дыстанцыю і яе пяцігадовая ўнучка Вераніка Краўчук.

 

 

Арганізатары прабега – Аляксей Чамаданаў (злева) – кіраўнік клуба Run4fun у Гродне, іерэй Павел Каспяровіч з дабрачыннага таварыства праваслаўнай царквы і выкладчык клуба “Славяне” Дзяніс Шаўчэнка.

 

 

 

Чытай больш:

 

У Дзень горада самыя здаровыя гарадзенцы выйшлі на прабег цвярозасці

 

Аляксей Чэмаданаў: бег – нагода для радасці, марафон – філасофія жыцця