“Цацкі ўносяць разнастайнасць, але не заменяць чалавека”. Як гарадзенская інтым-крама перажывае крызісныя часы

Пакупнікі актывізуюцца да святаў


Заходжу ў краму бліжэй да канца працоўнага дня. Усярэдзіне пяць-шэсць пакупнікоў, сімпатычная прадавец-кансультантка і дырэктар. На паліцах тавар розных формаў і памераў. Адразу ў вочы кідаецца жаночая бялізна і фалаімітатары – і гіганцкія, і маленькія. Калі прыгледзецца, можна ўбачыць яшчэ шмат цацак, прымяненне якіх не зусім зразумела без інструкцыі. “Алёна, паглядзі!”, – кліча адзін з пакупнікоў сяброўку. “Ай, пашлі ўжо адсюль”, – сяброўка сыходзіць. Як раскажа пазней Юры Мельнікаў, такая сарамлівасць – звычайная з’ява.

 

“Колькасць пакупнікоў залежыць ад сезону, – кажа Юры. – Звычайна найбольш актыўныя пакупнікі ў святы: са снежня па сакавік”. А ўвогуле, з-за крызісу крама перажывае зараз не лепшыя часы. Цэны тавараў прывязаныя да валюты, іх даводзіцца падымаць. “Тавары інтым-крамы для большасці кліентаў – гэта не рэчы першай неабходнасці, а, хутчэй, раскоша. Таму пакупніцкая здольнасць з-за крызісу моцна ўпала”, – кажа ўладальнік.

 

Партрэт гарадзенца-пакупніка такі ж, як і ва ўсім свеце. Звычайна гэта чалавек 25-40 гадоў. Да 80% кліентаў складаюць пары, 15% – мужчыны. Юры развеяў міф, што асноўныя кліенты інтым-крамы – моцныя незалежныя жанчыны з сарака катамі. Купляюць гарадзенцы ўсяго патрошку – нельга вылучыць тавар, які карыстаецца большай папулярнасцю.

 

У Беларусі большасць інтым-крамаў працуе ў Мінску. У сувязі з падзеннем пакупніцкай здольнасці кліентаў, многія крамы пераходзяць на максімальна танныя тавары не самай лепшай якасці. Але “Паприка” прынцыпова працуе толькі з таварамі ад вядомых вытворцаў. “Мы трошкі скарацілі асартымент VIP-тавараў, але па-ранейшаму шырока прадстаўляем тавары сярэдніх коштаў. Калі эканамічная сітуацыя будзе пагаршацца, мы хутчэй сыдзем з рынка, але на танныя кітайскія тавары не пяройдзем”, – кажа Юры.

 

З’яўляюцца новыя формы, але сутнасць тавараў не змяняецца


Раней Юры хацеў супрацоўнічаць з сэксолагамі. Але ўсе ўрачы, з якімі ён сутыкаўся, лічылі, што крама разбэшчвае гарадзенцаў. Уладальнік крамы кажа, што “Паприка” дапамагае разнастаіць сямейныя адносіны і добра ўплывае на жаночае здароўе. Часта людзі, якім цацкі дапамаглі аднавіць жарсць, становяцца пастаяннымі кліентамі. “Я чуў думкі, што цацкі існуюць, каб замяніць чалавека. Нішто не заменіць абдымкі і жывога чалавека. Цацкі дапамагаюць унесці разнастайнасць. Для мужчыны жанчына ў новай бялізне – новая жанчына, – раскрывае сакрэты мужчынскай псіхалогіі Юры. – Пачуцці – гэта хімія. І каб хімічныя працэсы адбываліся і надалей, трэба спрабаваць нешта новае”.

 

Цікаўлюся, што новага можа прапанаваць індустрыя. І здзіўляюся. “Цяжка прыдумаць нешта новае – усё ўжо ёсць. З’яўляюцца новыя формы і абгорткі, але сутнасць тавараў не змяняецца”, – кажа Юры, які вывучаў індустрыю па ўласным вопыце і вопыце сусветных крамаў. З апошніх цікавых навінак Юры называе жаночую цацку, якой можна кіраваць праз мабільны тэлефон.

 

Навошта саромецца таго, што прыносіць задавальненне?


Калі сэксшопы толькі адчыняліся, не было такой колькасці сайтаў, дзе тавары можна замовіць з дастаўкай. Юры згаджаецца, што з часам працаваць з-за анлайн-канкурэнцыі стала цяжэй. Таму на сайце “Паприки” ёсць акцыі і зніжкі, якія дапамагаюць утрымаць кліентаў.

 

Але Юры лічыць, што найлепшы варыянт  пакупкі – прыйсці ў традыцыйную краму, дзе кансультант падкажа, што пасуе менавіта вам. Тым больш, што кошты ў гарадзенскай краме і на вядомых сайтах прыкладна аднолькавыя. Для тых, хто саромеецца, ёсць магчымасць выбраць тавар за зачыненымі дзвярымі.

 

“Вінаваты ў такой сарамлівасці савецкі менталітэт з яго “У Савецкім Саюзе не было сэксу”. Але навошта саромецца таго, што прыносіць задавальненне? Гэта як купіць новы аўтамабіль і саромецца на ім ездзіць”, – параўноўвае Юры.