На Цэнтральным рынку ў Гродне прадпрымальнікі не выйшлі на працу. Пакуль з-за выходных
З 1 студзеня ўступіў у сілу ўказ №222, згодна з якім усе індывідуальныя прадпрымальнікі, якія гандлююць імпартнымі таварамі, павінны мець на іх суправаджальныя дакументы. Гандляры не раз выказваліся супраць указу, але гэтым разам адтэрміновак або іншай палёгкі не было. Многія прадпрымальнікі паабяцалі не выйсці на працу з-за такiх адносін з боку ўладаў.
Гараджане традыцыйна пасля навагодніх святаў ідуць на рынак за пакупкамі. Але зараз яны не ведалі, што рынкі не працуюць. Гэтак пенсіянер Дзмітрый Пятровіч хацеў купіць садавіны і быў засмучаны тым, што прадаўцоў не знайшлося.
– Заўсёды былі, а ў гэтым годзе іх ужо няма. Няўжо ў вярхах чыноўнікі не разумеюць, што прадпрымальнікі прыносяць істотны даход у скарбонку дзяржавы? Яны перастануць плаціць падаткі, з чаго тады будуць даваць пенсіі. Яны нас заганяюць у яму. Жыць цяжка і так, а сітуацыя ўсё ўскладняецца.
Дзве пенсіянеркі, што гандлююць на стыхійным рынку, выйшлі на працу нягледзячы на выходныя і на тое, што не маюць і ніколі не мелі ніякіх дакументаў.
– Мы таксама распрадаём свой тавар і сыходзім. Без дакументаў ніхто не збіраецца гандляваць – вельмі вялікія штрафы. Некаторыя нават прадаюць свае ралеты, а хтосьці ў знак пратэсту не заплаціў падаткі. Людзей таксама можна зразумець, яны прывозілі тавар з Расіі, а там давалі фальшывыя дакументы.
Штраф за працу без дакументаў складзе мінімум 200 базавых. З 1 студзені 2016 года гэта 42 мільёны рублёў.
Ахоўнік Іван – адзін з некалькіх чалавек, хто выйшаў на працу ў паслянавагоднii дні. Ён распавёў, што падобная сітуацыя не толькі на Цэнтральным рынку, але і на Паўднёвым.
– Прыходзьце 5 студзеня, можа каго-небудзь і знойдзеце. Ведаю дакладна, што крамы будуць працаваць. Казалі, што ў трэцяй часткі нашага рынку ёсць дакументы, значыць будзем іх чакаць. Заўсёды паслянавагоднiя дні былі рабочымі, у гэтым годзе нешта памянялі, а людзі па няведанні прыходзяць.
align=”” width=”725″ height=”408″ >