Тым часам у Гродне: 4 студзеня ў гісторыі горада, рэгіёну і свету

|

У нас

 

У гэты дзень у 1591 годзе кароль Жыгімонт ІІІ Ваза надаў Слоніму гарадскі герб.

 

На блакітным фоне барочнага шчыта размешчана выява залатога льва, што стаіць на задніх лапах і трымае ў правай пярэдняй лапе скіраваную ўгару стралу, перакрыжаваную дзвюма перакладзінамі. Сімвал двойчы перакрыжаванай стралы (назва гэтага герба – “ліс”) звязана з тагачасным уладальнікам Слоніма, Львом Сапегам. “Ліс” – радавы герб гэтага сямейства ад пачатку ХV стагоддзя.

 

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 28 мая 1998 г. У 2014 у горадзе адкрылі мемарыяльны знак з выявай герба.

 

Слонімскія краязнаўцы кажуць, што не правільна лічыць 1252 год часам заснавання Слоніма, як напісана на памятным знаку. Гэтым годам датуецца ўзгадка ў Іпацьеўскім летапісе, а заснаваны горад значна раней

 

*** 

 

У Гродна 4 студзеня 1921 года пачаўся пробны выраб запалак на фабрыцы Марголіса і Ёселевіча.

 

На фабрыцы “Margolis i Joselewicz” працавала ў той час 160 рабочых. Пазней прадпрыемства стала дзяржаўным і змяніла назву на “Marjos”. Цікава, што па-суседству з вогненебяспечнай вытворчасцю, у доме №13 на сённяшняй вуліцы Антонава, у той час  мясцілася дабравольнае пажарнае таварыства. Зараз на гэтай тэрыторыі знаходзіцца міні-рынак.

 

На здымку Віктара Саяпіна ад 2006 года – казырок над домам №13 з датай пабудовы. Зараз казырок вырабу гарадзенскіх майстроў Качаноў зменены.

 

У свеце

 

Сусветная гісторыя мае шмат досыць нагодаў помніць дату 4 студзеня. У 1493 годзе ў гэты дзень Хрыстафор Калумб выправіўся ў зваротны шлях пасля таго, як адкрыў Амерыку. У 1885 у ЗША ў штаце Аёва ўпершыню паспяхова выдалілі апендыцыт. У 1966 у Капенгагене скончылася самая працяглая забастоўка, што занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса – яна доўжылася 33 гады! У 1970 годзе The Beatles апошні раз сабраліся каб запісаць песню Let it be для аднайменнага альбому. У 2001 годзе марсаход Spirit здейсніў пасадку на Марс.

 

Паводле Беларускага краязнаўчага календара Уладзіміра Хільмановіча, Гістарычнага календара Віктара Саяпіна і wikipedia.org