У Гродне пройдзе сустрэча з Аляксандрам Фядутам і іншымі стваральнікамі серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка”
Серыя “Беларуская мемуарная бібліятэка” – пакуль што адзіны ў Беларусі зборнік дзённікаў і эпісталярнай спадчыны асобаў розных эпох. Гэта беларусы ці выхадцы з нашай краіны, якія апісалі розныя падзеі тут ці ў замежжы.
Серыя выходзіць у мінскім выдавецтвы “Лімарыус”. Кнігі, што ўжо пабачылі свет:
Васіль Стома, “Маё мястэчка”. Аўтар нарадзіўся ў Лужках былога Дзісенскага павету (сёння Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці), у часе Другой сусветнай працаваў у беларускай адміністрацыі, а пасля разам з маці і сястрой праз Нямеччыну апынуўся ў ЗША. Асноўны змест успамінаў складае аповед пра дзяцінства і юнацтва, што прайшлі ў Лужках: мястэчка, вуліцы, будынкі, насельніцтва. Калярытныя характары звычайных жыхароў, з гумарам пададзеныя падзеі штодзённага жыцця — усё гэта стварае выдатны вобраз заходнебеларускага мястэчка ў міжваенны час.
Яўхім Кіпель, “Эпізоды”. Успаміны адлюстроўваюць падзеі беларускага руху ад часоў першага абвяшчэння ССРБ да стварэння беларускіх асяродкаў у паваенных ЗША. Працаўнік беларусізацыі 1920-х, двойчы рэпрэсаваны, удзельнік беларускага жыцьця ў часе акупацыі і на эміграцыі, аўтар распавядае пра асобаў, з якімі яму давялося сустракацца і працаваць: У. Жылку, З. Жылуновіча, Я. Купалу, Я. Коласа і іншых.
Восіп Пшацлаўскі, “Калейдаскоп успамінаў”. Успамiны вядомага польскага журналiста, які нарадзіўся ў Слонiме ў 1799 г. Сярод ягоных героеў – паэт Адам Мiцкевiч, мiтрапалiт Станiслаў Сестранцэвiч, мастакi Юзаф Аляшкевiч i Аляксандр Арлоўскi, палiтык князь Францiшак Друцкi-Любецкi ды iншыя вядомыя дзеячы. Выданне ў двух тамах, суправаджаецца грунтоўным навуковым каментарыем.
Яўстафій Янушкевіч, “Успаміны (1805-1831)”. Жыццё і творчы шлях беларускага асветніка, кнігавыдаўца, мемуарыста. Ягоныя ўспаміны прадстаўлены ў кнізе на беларускай і польскай мовах.
Аляксандр Стагановіч, “Успаміны пасла”. Жыццё аўтара ад самага пачатку ХХ ст. да канца 1940-х гг. — эміграцыі ў ЗША. Асноўны змест мемуараў закранае грамадска-палітычныя падзеі ў Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд, а таксама ў часы Другой сусветнай вайны. Дэталі дачыненняў палітычных лідараў, асаблівасці выбараў у польскі сойм, дзейнасць беларускага актыву ў часы акупацыі і ў пасляваеннай Германіі — усё гэта можна знайсці на старонках грунтоўна пракаментаваных успамінаў.
Марыя Стагановіч, “Мае ўспаміны”. Кніга мемуараў жонкі Аляксандра Стагановіча, якая раздзяліла пакручасты лёс мужа. Акрамя замалёвак з жыцця сям’і, чытач знойдзе ў кнізе каштоўны этнаграфічны матэрыял: традыцыйныя кулінарныя рэцэпты з Наваградчыны, зёлкі, песні і абрады. Усё гэта аўтарка пераняла ад сваёй маці ды землякоў.
Уладзімір Някляеў, “Знакі прыпынку”. Успаміны вядомага пісьменніка.
Яўген Ціхановіч, “Партрэт стагоддзя”. Са старонак мемуараў мастака чытач даведаецца пра тое, як адбываўся вобшук у Якуба Коласа, як жыла сям’я Уладзіслава Галубка, і колькі каштавала праца мастака ў акупаваным Мінску.
Барыс Данілюк, “Азіраючыся расой выетымі вачыма”. Успаміны вядомага дзеяча беларускай эміграцыі ў ЗША Барыса Данілюка (1923-2011).
Зоська Верас, “Пакуль рука пяро трымае. Успаміны, лісты”. Эпісталярны летапіс беларускага жыцця вялікай часткі ХХ стагоддзя вядомай і актыўнай беларускі.
Мікалай Маліноўскі, “Кніга ўспамінаў”. Мемуары філамата, сябра Адама Міцкевіча.
“Духу магутныя чары”. Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах.