У Гродне аматарка хакею малюе і дарыць гульцам “Нёмана” іх партрэты
Самі спартсмены вельмі рады атрымліваць такія незвычайныя падарункі, тым больш, што не могуць даведацца, хто і калі атрымае наступны партрэт.
“Твой стыль” пагутарыў з незвычайнай заўзятаркай, даведаўся адкуль у яе такая цікавасць да хакею і каго гарадзенскіх спартсменаў яна намалюе наступным.
Маляваць любіла яшчэ ў школе
Яшчэ ў школьныя гады ўрокі выяўленчага мастацтва былі самымі любімымі заняткамі Вольгі. Менавіта тады ў яе з’явіліся першыя цікавыя працы. Скончыўшы школу і паступіўшы ва ўніверсітэт, дзяўчына сутыкнулася з так званым творчым застоем. Аднак у свой час сіла натхнення ўзяла верх і Вольга вырашыла зноў звязаць сваё жыццё з маляваннем.
– Скончыўшы свой першы партрэт я падумала, што атрымалася вельмі няблага для пачатку, і калі развівацца ў гэтым плане, то можна ўбачыць прагрэс. Добра, што ў наш час у інтэрнэце можна знайсці мноства розных урокаў, артыкулаў і відэа, якія вельмі дапамагаюць людзям, што вучацца маляваць самі. Калі нешта атрымліваецца не так як трэба, калі ты бачыш у сябе памылку, то заўсёды можна знайсці інфармацыю, як яе выправіць і не дапускаць у будучыні. Дзякуючы гэтаму я адкрыла для сябе шмат новага і стала ўдасканальвацца.
Новае каханне
Раней Вольга малявала ў асноўным сваіх куміраў – артыстаў або акцёраў. Але ў пэўны момант яе жыццё крута змянілася. Усё пачалося з хакейнага матчу гарадзенскага “Нёмана”.
– Гэта былі звычайныя навучальныя будні і ў нас з сяброўкай стаяла пытанне: як з карысцю правесці выходныя? Тады ў мяне ўзнікла думка схадзіць на хакей, бо калісьці ў школе мы хадзілі з хлопцамі і мне спадабалася. Сяброўка ацаніла ідэю, мы адправіліся на матч і з таго моманту стараемся хадзіць калі толькі ёсць магчымасць.
Першы партрэт тады яшчэ хакеісту “Нёмана” Івану Мядзелю Вольга ўручыла ў красавіку 2015 года
Любоў да гэтага віду спорту хутка заняла пачэснае месца ў сэрцы дзяўчыны, а зараз, па яе словах, мацнее з кожным днём. “Зараз у маім жыцці няма ні дня, калі б я не падумала аб любімым хакейным клубе. Калі ты на матчы, то цалкам аддаешся эмоцыям, якія не могуць быць падробленымі. Магчыма, менавіта таму, выходзячы з лядовага, я поўная натхнення”, – кажа Вольга.
Менавіта ў гэты перыяд яна і пачала маляваць хакеістаў. Зараз у яе зусім няшмат малюнкаў з імі, бо сам працэс малявання шмат часу, якога і так часта не стае.
Наступным гульцом, які атрымаў партрэт, быў чэшскі легіянер “Нёмана” Даніэль Сэман (жнівень 2015 года)
– Але сам факт, што я малюю не спяшаючыся, дастаўляе мне толькі задавальненне. Я гатовая гадзінамі вымалёўваць дробныя дэталі, зусім забыўшыся пра час. Часам, малюючы ноччу, калі натхненне выліваецца за край, я толькі пад раніцу прымушаю сябе пакінуць малюнак і легчы спаць, каб хоць крыху адпачыць. Я атрымліваю сапраўднае задавальненне ад працэсу малявання. Для мяне гэта проста невымоўныя пачуцці, калі пэўныя дэталі атрымліваюцца так, як хацелася б у большай ступені. Я знаходжуся ў стане ўзнёслага настрою.
Апошні партрэт быў падараваны Сяргею Багалейшу на дабрачынным матчы ў Гродне
Былі ў мастачкі такія працы, за якія яна баялася ўзяцца, бо яны здаваліся занадта цяжкімі. Але апошнім часам Вольга зразумела для сябе адно – няма нічога невыканальнага. Яна лічыць, што для складанай працы трэба проста больш часу.
Ход працы па стварэнню партрэта Сяргея Багалейшы
Дзяўчына задумваецца пра тое, каб у будучыні займацца маляваннем больш прафесійна. Аднак пакуль гэта толькі думкі. Нічога канкрэтнага і вызначанага сказаць яна не можа, але хоча, каб яе жыццё ў той ці іншай ступені было звязана з творчасцю.
Каму ўручыць наступны падарунак, Вольга не хоча распавядаць. Яна ўжо па вопыце ведае, што калі падзяліцца з кімсьці планамі, то ў будучыні з малюнкам нешта відавочна пойдзе не так.