Хакейныя каробкі і пункты пракату канькоў у Гродне ўжо амаль гатовыя да працы (+спіс пляцовак і пракатаў)
Усяго ў горадзе будзе заліты лёд на 10 каробках. Яны ў асноўным знаходзяцца каля навучальных устаноў.
Некаторыя лядовыя пляцоўкі ўжо працуюць у такіх раёнах як Вішнявец, Альшанка і Фолюш.
Акрамя карабок працуюць два адкрытыя каткі: адзін у парку Жылібера, іншы каля гандлёвага цэнтра OldCity. Ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама не выключаюць, што ў горадзе з’явіцца яшчэ некалькі розных адкрытых каткоў.
Праўда, заліванне такіх пляцовак праходзіць не лепшым чынам. Віной таму адсутнасць снегу, які ў каробках павінен быў служыць спецыяльнай падушкай.
– Калі ў тым годзе мы залівалі і снег быў, то ў цяпер даводзіцца складаней. Заліваем з парушэннем правіл. З 20 тон вылітай вады добра калі восем застаецца ў каробцы. З-за адсутнасці падушкі ўсё выліваецца за межы. Але наша праца – зрабіць усё лепшым чынам, – распавёў рабочы групы залівання.
У бліжэйшым часе ў горадзе запрацуе і восем пунктаў пракату, дзе акрамя канькоў можна будзе ўзяць і лыжы.
Нагадаем, пракаты ёсць яшчэ ў парку Жылібера і ў Лядовым палацы.