У Гродне з’явілася свая федэрацыя кіберспорту

У Беларусі ў 2014 годзе пачаліся першыя дзеянні па стварэнні федэрацыі кіберспорту. З такой ініцыятывай тады выступілі арганізатары мінскага міжнароднага лічбавага кіберфестывалю TechLabs Cup BY Season 2. Але ідэі так і не былі рэалізаваныя.


Кіберспорт гэта гульнявыя спаборніцтвы з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій, дзе камп’ютар мадэлюе віртуальную прастору, унутры якой адбываецца змаганне. Усе камп’ютарныя гульні і спаборніцтвы па іх дзеляцца на некалькі асноўных класаў, якія адрозніваюцца ўласцівасцямі прастор, мадэляў, гульнявой задачай і навыкамі кіберспартсменаў.

 

Першая ў Беларусі федэрацыя геймераў з’явілася менавіта ў Гродне.


– Мы ствараем глабальную кіберспартыўную супольнасць. Наша мэта аб’яднаць не толькі гульцоў, але і ўсіх людзей, якім цікавы кіберспорт: журналістаў, мувiмэйкераў, фатографаў. Нашу краіну пакуль што нельга назваць камфортнай для пражывання аматараў кіберспорту. І мы плануем гэта выправіць. Зараз у нас у краіне праводзіцца 4-5 прыкметныя чэмпіянаты ў год. Наша арганізацыя дасць магчымасць гульцам спаборнічаць часцей, – распавяла выконваючы дырэктар федэрацыі кiберспорту ў Гродне Вольга Лабаза.

 

Гульцы – тыя ж спартсмены. У кожнага спартсмена распланаваны графік трэніровак і адпачынку, наладжаны рэжым харчавання. Па такім жа прынцыпе трэніруюцца і кіберспартсмены.

Так у Гродне ў камп’ютарным клубе праходзяць чэмпіянаты па кіберспорце


– Дзеці цяпер праводзяць шмат часу за камп’ютарам, гуляючы ў CS, Dota2, WoT і г.д. Адпаведна іх ужо можна назваць патэнцыйнымі членамі нашай федэрацыі. Калі казаць пра дарослых, то іх менш, але і цікавасць да кіберспорту ўжо не згасне. Месцаў, дзе рэгулярна транслююцца сусветныя чэмпіянаты, зусім няма. Сачыць за імі можна толькі дома. Мы ж наладзім трансляцыі ў кафэ, барах, клубах Гродна, а потым і па ўсёй Беларусі. Таксама адной з нашых першасных задач з’яўляецца адкрыццё трэніровачнай базы, дзе каманды і асобныя геймеры маглі б актыўна рыхтавацца да будучых чэмпіянатаў.


align=”” width=”525″ height=”435″ >

Лагатып гарадзенскай арганізацыі

 

Усе дзеянні гарадзенскай федэрацыі ў бліжэйшы час будуць накіраваныя на рэгіён, бо развіццё арганізацыі ў першую чаргу залежыць ад актыўнасці і падтрымкі менавіта гарадзенскай аўдыторыі.