Фінскія форварды прыехалі ў Гродна перамагаць

За час доўгага перапынку кіраўніцтва гарадзенскай каманды разгледзела некалькі кандыдатаў для ўзмацнення “Нёмана”. Навічкамі, якія прайшлі адбор, сталі два фінскія форварды: Янне Лаакконен і Йессе Рохтла.

 

Хакеісты прыбылі ў Гродна з каманды “Кулагер”, якая выступае ў чэмпіянаце Казахстана. Калі Лаакконен здолеў сябе зарэкамендаваць у былой камандзе як добры форвард, то яго калега Рохтла атрымаў траўму на старце сезону і не змог паказаць гульню належным чынам.

 

“Твой стыль” звязаўся з Янне Лаакконенам і даведаўся, чаму фінскія хакеісты вырашылі прыехаць у Беларусь.


– Я граў у Казахстане з пачатку гэтага сезону, але там была праблема з грашыма, таму што курс тэнге [нацыянальнай казахскай валюты] увесь час падаў у адносінах да еўра. Я страціў на гэтым шмат грошай і гэта стала прычынай, чаму я вырашыў памяняць каманду.


З горадам ужо паспелі пазнаёміцца?


– Гродна добрае месца. Сёння ў нас быў час, каб пазнаць яго лепш. Здаецца, усё добра.


Якія мэты ставіце перад сабой у “Нёмане”?


– Спрабаваць выйграць шмат матчаў і гуляць усю вясну.


Вы прыехалі ў Гродна са сваім калегам Йессе, раскажыце пра яго?

 

Йессе з’яўляецца цэнтрфорвардам, які гуляе вельмі добра ў атацы і абароне. Ён можа забіць і зрабіць гульню.

 

З прыездам фiнаў у гарадзенскай камандзе ўтварыўся перабор легіянераў. Усяго, згодна з рэгламентам чэмпіянату Беларусі, у камандзе можа быць толькi пяць замежнікаў, якіх можна заявіць на гульню. У Гродне на дадзены момант іх шэсць. Ёсць верагоднасць таго, што ў хуткім часе з кімcцi могуць развітацца.

 

А мы нагадваем, што ўжо 9 студзеня ў Маладзечне “Нёман” адновіць удзел у чэмпіянаце Беларусі.