Гродзенскія цыгарэты “засвяціліся” ў кантрабандным скандале ў Закарпацці
У вялікім інтэрв’ю ўкраінскаму рэсурсу UA–Reporter.com губернатар Закарпацця ўпершыню падрабязна распавёў пра схемы кантрабанды ў рэгіёне і яго асноўныя праблемы. Імі аказаліся кантрабанда цыгарэт, бурштыну ды гандаль “жывым таварам”, але цыгарэты на першым месцы.
– Ёсць беларуская тытунёвая фабрыка “Нёман” (Гродна) – стоадсоткавая дзяржаўная маёмасць, – тлумачыць Генадзь Маскаль, – Вы ведаеце, як Лукашэнка ставіцца да карупцыі. Мы сумняемся, што пры ім былі левыя пастаўкі…
Мы выйшлі на сайт і толькі з сайту падлічылі, што праз КПП “Платонава і “Кучурган” транзітам з Беларусі ў Прыднястроўе ішло цыгарэтаў столькі, што калі падзяліць на ўсё насельніцтва Прыднстроўя, то яны ў месяц, з улікам немаўлятаў, выкурвалі па трыццаць пачак. Гэта абсурд. То бок адтуль праз празрыстую мяжу ўсё трапляла ва Украіну…
Генадзь Маскаль таксама паведаміў, што ўкраінскі Кабмін ужо зачыніў гэтыя два КПП, таму падакцызны тавар зараз мае завозіца афіцыйна праз Малдову. Згодна ранейшай схеме, праз Украіну, а менавіта праз Закарпацкую вобласць, неймаверная колькасць танных цыгарэтаў трапляла ў Еўропу: спачатку ў Польшчу ды Вугоршчыну, а адтуль у Нямеччыну, Вялікабрытанію, Італію…
Колішні кіраўнік МУС Украіны Генадзь Маскаль быў прызначаны Пятром Парашэнкам кіраваць Закарпацкай вобласцю адмыслова для вырашэння шматгадовых праблемаў з кантрабандай. Нагадаем, што на ўкраінскім Закарпаціі сходзяцца межы аразу чатырох еўрапейскіх дзяржаваў: Румыніі, Славакіі, Вугоршчыны і Польшчы.